Читать «Пяты этап» онлайн - страница 28

Сяргей Пясецкі

— Наіўны ты. Чаму можна смяяцца з армяніна, цыгана, немца і кожнага іншага чалавека, але, барані Бог, не з габрэя? Во, талдычаць: антысемітызм, юдафобства... Чаму не смяяцца з іх, калі яны смешныя са сваёй богаабранасцю, шавінізмам, неталерантнасцю? Я для іх гой і акум — я ведаю, што ў вачах габрэя найапошні недалужны аднапляменнік у тысячу разоў лепшы ад самага лепшага гоя. У нас такога няма. Габрэі самі адасабляюцца, замыкаюцца ў старых, дзівачных формах жыцця і яшчэ дзівяцца, што смешныя. Крылоў сказаў: «Смяяцца зусім не грэшна, калі нам што смешна».

— Пакінь ты габрэяў у спакоі, лепш вып’ем, — сказаў я. — Мы таксама з габрэяў паходзім, ад Іяфета.

І без лішніх слоў я кульнуў сваю немалую чарку.

— Якое марнатраўства! — раптам выкрыкнуў былы белагвардзеец. — Такім агідным спосабам марнаваць чароўны нектар можа толькі варвар. Хіба ты не ведаеш, вар’яцкі чалавек, што гарэлачка далікатная, як дзяўчына пасля трыццаці? Яна любіць, каб з ёй разумна абыходзіліся, а не такой дозай і так па-хамску: цап-хап і ў рот клац. Тэк-с, панове.

Мы зноў выпілі.

— Палкоўнік, а ці ты ведаеш, што такое падводная вайна? — я спытаў яго. — Як камандзір, ты павінен ведаць.

— Чаму не? — адказаў. — Ведаю. Я ж, да д’ябла, сын Марса. Пяць гадоў на фронце. адзінаццаць ранаў.

— Дык што ж гэта за звер?

— Ну, вайна на моры. Пад вадой.

— Хопіць, далей не тлумач. У бальшавікоў гэта зусім нешта іншае — перапыніў я яго. — У іх «падводная вайна» вядзецца ў лясах, на палях і стэпах. Наогул на сушы. Садзяць салдат карнага атрада на п-а-а-д-в-о-о-д-ы і едуць ваяваць з дэзерцірамі, партызанамі, паўстанцамі і іншымі «контррэвалюцыйнымі элементамі», якіх абагульняюць калярова: «белыя або зялёныя бандыты».

— Цьфу, д’ябал. А ці вадзяра ў іх ёсць?

— Афіцыйна — не. Толькі самагонка, выпадковая, або паскуднае віно «дзеля лекавых мэтаў». А яно прадаецца па завоблачных коштах.

— Пагінуць яны, як рудыя мышы. І краіна адбрыкнецца. Ні за што. Бо калі чалавек алкаголем не дэзінфікуецца, дык можа падхапіць якую хочаш заразу. Супраціўляльнасць знікае. Тэк-с.

Піў ён гарэлку маленькімі кілішкамі, але запар і часта. Я і Уладак пілі паўшклянкамі. Час праводзілі пераважна за выпіўкай. У Баранавічах не было дзе па-сур’ёзнаму развеяцца. Сумнае места, сумныя наваколлі, адзін кіназалік, тэатра зусім няма. Часам збіралася нас больш, тады выпіўка чаргавалася вясёлай гутаркай, у якой Палкоўнік вёў рэй. Ягоным анекдотам канца не было; з тых, што можна пераказаць, прывяду два:

— Схапілі жандары ў лесе трох габрэяў, дэзерціраў. Два прызыўнога веку, — апавядае Палкоўнік, — а трэцяму за шэсцьдзесят. Жандары яго пытаюць: «А ты чаго ад войска ўхіляешся? Ты ж стары». А габрэй кажа: «А хіба я ведаю. А можа мяне хочуць генералам зрабіць?» Другі: аднойчы ўвечары на паліцэйскі пост уляцеў спалоханы габрэй. Без капелюша, адзежа расхрыстаная. «Ай-вай, — крычыць, — пан начальнік, вялікае забойства». — «Што, дзе?» — «На шашы двое забітых». — «Хто такія?» — пытае дзяжурны. — «Адзін я, — кажа габрэй, — а другі зараз прыйдзе».