Читать «Пяты этап» онлайн - страница 10

Сяргей Пясецкі

Становішча маё было наступным: калі заплачу за ежу тысячу, застанецца 4 тысячы марак. Савецкіх грошай не маю зусім, таму буду змушаны ісці з польскімі; можа, у Расіі абмяняю іх на савецкія. Не ведаю, як мне пашанцуе далей і як выканаю выпрабавальнае заданне, якое ведаю напамяць... Нават зброі не маю. Што праўда, ёсць у мяне вялікі нямецкі «спружыннік», але гэта благая зброя там, дзе можна мець дачыненне з вінтоўкамі. Апрача таго маю лісты і адзін фотаздымак.

Гэткія мае матэрыяльна-тэхнічныя «сродкі» для выканання задання!.. Як вам фільм, га? Нават адзежыны адпаведнай для Саветаў не маю. Яшчэ шавец звярнуў маю ўвагу, што: «То, тамака, не таго!» Але я. таго: пасвістваю на гэта. Неяк там будзе, ліха на яго!

І. ПЕРШАЯ ВАНДРОЎКА Ў «ЧАЦВЁРТАЕ ВЫМЯРЭННЕ»

Смяротная трывога ахапіла зямное жыццё, паўсюль відаць сляды рабскага прыніжэння.

Надзея шуганула ўпрочкі, каханне перарасло ў нянавісць, святыя алтары ляжалі ў друзе.

А. Дыгасінскі «З даліны Прондніка».

1

Дзяжурны малодшы камандзір адкашляўся, левай рукой абабіў ззаду мундзір, схіліў галаву направа і пастукаў у дзверы кабінета камандзіра 29-га мытнага батальёна.

— ...эсьць! — пачулася з сярэдзіны.

Узводны ўвайшоў, выпрастаўся, адказыраў і службіста выдаў з горла складзеныя і некалькі разоў паўтораныя напамяць словы:

— Рапартую слухмяна, пан ма-ёр, што нейкі цывільны да пана ма-а-ёра!

— Што за цывільны?

— Кажа: у сакрэтнай справе да пана ма-а-ёра.

— Няхай увойдзе!

Неўзабаве ў кабінет увайшоў высокі, сухарлявы малады чалавек. За ім у дзвярах стаяў узводны.

— Чэсць!

— Чэсць! Што вам патрэбна?

— У сакрэтнай справе ... — цывільны змоўк і азірнуўся на ўзводнага.

— Калі ласка, праходзьце! — загадаў маёр.

Малодшы камандзір похапкам нырцануў у калідор і прычыніў дзверы. Забава (гэта быў ён) выняў з шапкі канверт і падаў маёру. Маёр разарваў канверт, уважліва прачытаў і зірнуў на Забаву.

«Шпіён, агент выведкі, — падумаў. — Можа нават афіцэр... Апрануты неяк дзіўна... Толькі клопаты з такім!»

— Сядайце, калі ласка, — сказаў, паказваючы рукой на крэсла.

Забава сеў.

— Пан жадае перайсці мяжу на адрэзку майго батальёна?

— Так.

— Калі пан жадае ісці?

— Сёння, калі сцямнее.

— Мае пан абраны пункт для пераходу мяжы?

— Не. Зрэшты, маю... Рэч пра тое, каб перайсці мяжу ў такім месцы, каб паблізу знаходзіўся гасцінец, што вядзе ў Менск. Было б добра пайсці па найкарацейшым шляху.

— Добра.

Маёр націснуў гузік званка.

У дзвярах вырас узводны.

— Па вашым загадзе...

— Папрасі да мяне камандзіра першай роты, — перабіў яго маёр. — І зараз жа!

— Ёсць!

Пасля таго, як узводны пайшоў, маёр пачаў разглядаць раскіданыя на пісьмовым стале паперы. Меў выгляд чалавека, які мае вялікае жаданне спытаць у шпіёна пра пэўныя рэчы.

«Чалавек, як-ніяк, цікавы. — думаў маёр, — але лепш: дыстанцыя. Можа таксама пачне пра штосьці распытваць або вось раптам праявіць якую нечуваную нахабнасць».

Праз нейкі час звярнуўся да Забавы:

— Ці пакіне пан у нас якія-небудзь паперы? Калі так, гэта найлепш зрабіць цяпер...