Читать «Пяты этап» онлайн - страница 12
Сяргей Пясецкі
Ноч крочыла па зямлі. Ішла, шырока раскідваючы шэрыя рызманы змяркання, пакрываючы ўсё мяккім, насычаным выпарэннямі, плашчом цемры.
Ціша.
— Можа, мы пойдзем? — спытаў Забава, будзячыся ад задумення. Ледзьве не заснуў, разамлелы цеплынёй і цішынёй вечара.
— Можна, — басам пагадзіўся жаўнер.
Ціха пасоўваліся наперад. Наблізіліся да лесу. Ішлі спачатку сцежкаю, а потым напрасткі. Жаўнер крочыў усё павольней. У адным месцы стаў. Азірнуўся.
— За-а-раз, — прашаптаў здушаным басам.
Яшчэ цішэй пайшоў наперад і спыніўся за густым кустом ляшчыны. Паблізу звінела рачулка, нібы крадучыся па каменні між дрэў. Павольна перайшлі праз ваду, паглыбляліся ў некаторых месцах па пояс. Потым узбіліся на стромкі груд.
Жаўнер паказаў рукой кудысьці ўніз.
— Тамака, — шаптаў, — дзе агні. млы-ы-н, бальшавіцкая застава. Тут, — выкінуў руку перад сабою, — дарога на Менск. Я вяртаюся.
Праз імгненне расплыўся ў цемры.
Забава нейкі час стаяў нерухома. Глядзеў у кірунку млына, агні якога, быццам вочы звера, прытоенага ў лясным гушчары, жмурыліся ўдалечыні і зіхацелі чырвонай раз’ятранасцю. Выняў з кішэні спружынны нож, расклаў яго; дакрануўся пальцам ляза. Паволі выйшаў на дарогу і ціхім, але ўпэўненым, засяроджаным крокам рушыў наперад, злёгку нахіліўшы галаву, выпрабоўваючы вачамі тую кароткую прастору, якую мог бачыць у цемры.
Нервы былі прыгатаваны да хуткага дзеяння, цягліцы напружаныя. Штохвілінна мог кінуцца наперад, каб ударыць нажом, або плітануць з дарогі ўбок і зашыцца, як звярок, у хмызняк.
Ішоў каля гадзіны. Дзівіўся, што дагэтуль не трапіўся ніводны мост. Памятаў, што ракаўскі шавец сказаў яму: «Да Краснага будзе пад вёрст пяць. А мастоў? Мастоў гэта мабыць з чатыры».
Забаве здавалася, што ён блукае, але ішоў наперад. Дзесьці здалёк да ягоных вушэй даляталі гукі песні. Напэўна, вясковыя дзяўчаты гулялі на вечарынцы, спяваючы свае бедныя беларускія мелодыі; бедныя, як іх лёс, сумныя і журботныя, як іх жыццё.
Быў у дарозе больш за дзве гадзіны, калі заўважыў, хутчэй інстынктам, чым зрокам, нейкі рух перад сабою. За некалькі скокаў апынуўся на раллі і кінуўся ў баразну, зліваючыся з зямлёй. Неўзабаве яго мінулі, размаўляючы, тры вясковыя дзяўчыны. Забава падняўся і рушыў за імі.
— Скажыце,
Дзве завішчалі і адскочылі ў бок. Адна, смялейшая, сплюнула:
— Цьфу, цьфу, д’ябал!.. Спалохаў!.. Краснае далёка. Вёрст з дзесяць, а можа і болей.
Забава пахаладзеў. «Гэтулькі шляху надарэмна».
— А гэтая дарога куды?
— Гэтая. да Койданава.
— Вось табе маеш!.. Скажыце ж, дзяўчаткі, якой дарогай ісці, каб да Краснага патрапіць?
Дзяўчаты правялі яго з сабою больш як кіламетр і паказалі вузкую, палявую дарогу.