Читать «Пяты этап» онлайн - страница 8

Сяргей Пясецкі

А іншыя вочы завяжуць І вушы заткнуць, каб не чуць. Ні казак пра іх не раскажуць, Ні песень пра іх не складуць.

(Вершы, тэрміны і расійскія звароты буду перакладаць на польскую мову, калі не літаральна, дык як найбліжай да арыгінала).

З нагоды гэтых вершаў збудзіліся ўва мне пэўныя думкі. Максім Горкі, мяркуючы па тых ягоных творах, якія я меў мажлівасць прачытаць, прыхільнік свабоды, прыгод і пясняр моцнага і непаўторнага чалавека. Паводле яго можна нават па-дурному загінуць з-за кахання да русалкі, абы не жыць як звычайныя «хлебаеды», «як сляпыя чарвякі», абы засталася пасля нас казка або песенька. Чуў я, што Горкі з’яўляецца прыхільнікам савецкага камунізму і бальшавіцкім пісьменнікам. Не магу гэтага зразумець. Ведаючы трохі савецкі лад (асабіста ад пачатку рэвалюцыі да жніўня 1919 года, а на падставе іншых крыніц нават дагэтуль), я маю ўласнае меркаванне, што там чалавек, як самастойная і творчая адзінка, канчаткова прыгнечаны. З’яўляецца не чалавекам, а пазбаўленым індывідуальнасці нумарам, абавязаным слепа падпарадкоўвацца ўладам. Ведаю, як «паглыблялі рэвалюцыю» бальшавікі ў 1917—1919 гадах, але як цяпер там, дакладна не ведаю. Мяне вось і цікавіць, ці там чалавек фактычна Чалавек ці толькі бязвольная прылада ў руках пануючых. Бо па-мойму, калі чалавеку даць нават найвялікшы дабрабыт і пазбавіць яго ўласнай ініцыятывы і ў працы, і ў жыцці, дык застанецца толькі добра дагледжанае быдла, баязлівае, гультаяватае і тупое.

Той самы Максім Горкі ў адным з першых сваіх твораў, «На дне», напісаў, калі не памыляюся, так: «Чалавек — гэта гучыць горда!» Тымі словамі Горкі сказаў найбольш, і гэта мне вельмі падабалася. Так: чалавек — гучыць горда! І нельга перамяняць яго ні ў каня, ні ў фабрычную шрубку, ні ў рэкламны плакат, ні ў блазна гарохавага! І тыя, хто гэта робяць, робяць злачынства!.. Таму смяяцца хочацца, калі гэта робяць «сацыялісты» або «камуністы».

Напрыканцы хачу дадаць, што менавіта пытанне: як жыве ў Саветах «чалавек» — найболей мяне цікавіць. Лепш за ўсё пераканацца самому, убачыць на ўласныя вочы: ці насамрэч там чалавек «гучыць горда», ці «вольнасць, роўнасць і братэрства» ёсць элементам жыцця, ці гэта з’яўляецца толькі блефам камуністычных маніфестаў. Цікава мне, няўжо пасля бліжэйшага знаёмства з Саветамі Горкі, адзін з маіх улюбёных пісьменнікаў, які па-ранейшаму такім і застаецца, страціць свой прэстыж і з песняра моцнага і прывабнага чалавека пераменіцца ў прапагандыста падазронай рэвалюцыі, у капрала бальшавіцкай агітацыі, служку на ўтрыманні Масквы. Так: Масквы. Тады гэты пралетарскі пісьменнік будзе для мяне толькі акцёрам, які спраўна выконвае ролю рэкламнага агента, што запрашае ў краму легкадумных мінакоў, каб яны там адведалі страву, якая ідэалагічна дрэнна пахне.

Не ведаю, ці хутка здолею сам сабе адказаць на гэтае пытанне. Можа, толькі напрыканцы пятага этапу. А якім доўгім будзе той этап і ці хутка прыйду да ягонага канца? Не ведаю.