Читать «Пяты этап» онлайн - страница 11
Сяргей Пясецкі
— Вядома.
Забава выняў з бакавой кішэні фрэнча стосік дакументаў, лістоў і здымкаў. Маёр уклаў усё гэта ў вялікі канверт, запячатаў і напісаў сённяшнюю дату.
— Калі пан вернецца, дык, калі ласка, прашу спаслацца на дату. А калі мяне не. Праз які час пан мяркуе вярнуцца?
— Залежыць ад акалічнасцей. Я магу зусім не вярнуцца! — весела адказаў Забава.
«Няварта было пра гэта пытацца. Не вельмі тактоўна», — падумаў маёр і дадаў гучна:
— На мяжы цяпер спакойна.
«Навошта я гэта кажу, — зноў падумаў маёр. — Супакойваю яго, а ён зусім не выглядае, каб баяўся».
У калідоры прагрукаталі крокі, у дзверы пастукаліся.
— .эсьць! —
У кабінет увайшоў высокі, малады паручнік. Ляснуў абцасамі.
— Пан маёр?.
— Так, я клікаў. Калі ласка, прашу заняцца гэтым панам. Палегчыць пераход на адрэзку вашай роты. З пропускам, як звычайна: нумары слупоў, гадзіна, прысутныя.
— Ёсць!
Маёр падаў паручніку пропуск і кіўнуў галавой Забаве:
— Шчаслівай вандроўкі!
— Дзякуй.
Паколькі паручнік меў нейкую «вельмі важную» справу ў мястэчку, таму перадаў Забаву каменданту менскай пляцоўкі, які, як паабяцаў паручнік, «дасканала ўсё зробіць». Камендант пляцоўкі, узводны, пачаў прамацваць Забаву здалёк:
— Калі пан жадае ісці?
— Ледзьве толькі сцямнее.
— Гм. «ледзь толькі сцямнее». Няўжо не лепш уначы?
— Не.
— Хм. «Не»? Як пан жадае, толькі я раіў бы пану ісці ўначы. Тыя, хвароба на іх, з вечара як ваўкі лазяць. Спачатку заўсёды мацней пільнуюць. Ведае пан што? — сказаў узводны пасля хвіліны маўчання. — Можа, пан пагадзіўся б, каб пана туды салдат перакінуў? Я маю ў мястэчку адну справу, вельмі пільную... Ну і таго. А пану ўсё роўна. Ну як?
Забаву гэта раззлавала, і адначасова бачыў у гэтым нямала смешнага.
«Цікава, каму жаўнер мяне перадасць? — падумаў. — Можа, якой бабе, а тая хлапчуку».
— Добра, — адказаў. — Толькі глядзі, пан паручнік, каб я апынуўся на той дарозе, якая вядзе да Менска.
Узводны ўзрадаваўся.
— Ну зразумела! Перакіне пана, дзе пан толькі пажадае. Бо мужык халерны! Мяжу ведае, як сваю кішэнь!
Нарэшце прыйшоў «халерны мужык». Гэта быў малы жаўнер, які накульгваў, у велізарных ботах. Меў задзёрты ўгару, пляскаты нос. Забаве ўвесь час здавалася, што жаўнер глядзіць на яго праз акно, прыціскаючыся да шкла канцом носа.
— Гэты? — нечакана грубым басам, што не пасаваў для маларослага выгляду, спытаў узводнага.
— Гэты.
— Добра. Шуруй сабе. Зраблю гэта, як бачыш! — цыркнуў праз зубы вузкім струменьчыкам сліны на сцяну будынка.
Засталіся адны. Сядзелі на даволі вялікай каменнай крушні пад высокай бярозай. Злева ад комплексу будынкаў батальёна было возера. У глыбіні далягляд, быццам рама, абрамляла чорная сцяна лесу. Жаўнер маўчаў. Забава быў стомлены доўгай вандроўкай і нядаўнім пешадралам. Цягам апошніх двух дзён не спаў зусім, таму вочы проста склейваліся.
Сонца хілілася на вечар. Стомленае і нібы выцвілае, яно ападала ніжэй да зямлі, заліваючы чырванню касых промняў мяккі, чысты, бледны блакіт неба. Зыркай чырванню запаліліся верхавіны дрэў і дахі хат. Завалакло золатам блакітную далеч. Атачыла сябе багатым, барвовым пасам, нядбайна раскінутым па-над зямлёй, далёка налева і направа. Стрэліла пурпурам высока ўгару. Сонца нібы булькнула за небакрай, яшчэ раз успыхнула, яшчэ і — патухла. Уздыхнуў вецер. Зашапталі трывожна чараты каля возера. Вада ў ім з чырвона-залатой зрабілася чорнай і пакрылася дробнай луской хваляў. Далягляд апрануўся ў жалобна-хаўтурны, цёмны фіялет.