Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 3

Сяргей Пясецкі

– Скончылася тваё панаванне і канец вашай панскай Польшчы! Досыць папілі чалавечай крыві! Настаў час і сваёй захлынуцца!

Належала б па справядлівасці і яго, і тых усіх адурманеных капіталістычных паслугачоў расстраляць, хаця і шкада куляў на гэтых буржуйскіх сцерваў. Але мы мелі дакладны загад: “Палонных адсылаць у тыл”. Таму пакінулі ахову і пайшлі далей. Там з імі нашы арлы з НКВД расправяцца. А нам часу шкада. Мы павінны выканаць важнае баявое заданне.

Далей пайшлі прама дарогай. У кірунку на Маладзечна. Ціха… Нідзе ані святла, ані чалавека. Гэта мяне нават здзівіла. Столькі чытаў аб хітрасці польскіх паноў. А тым часам мы ж іх і перахітрылі. Як снег на галаву ім упалі.

Эх, каб толькі мая Дуня пабачыла, як з гонарам і смела крочыў я на чале ўсёй Чырвонай Арміі як абаронца пралетарыяту і ягоны збаўца! Але яна, пэўна, спала і не снілася ёй нават, што я, Мішка Зубаў, стаў той ноччу героем Савецкага Саюзу. Не ведала таго, што каб яна магла спакойна, радасна і ў дабрабыце жыць і працаваць, я ішоў у крывавую пашчу буржуазнага звера. Але я гэтым толькі ганаруся. Разумею, што прынёс у Польшчу, для маіх зняволеных панамі братоў і сёстраў, святло нязнанай імі вольнасці і нашу вялікую, адзіную ў свеце, праўдзівую, савецкую культуру. Уласна пра тое і клопат: пра культуру, вашу маць! Няхай пераканаюцца, што без паноў і капіталістаў стануць вольнымі, шчаслівымі людзьмі і будаўнікамі супольнай сацыялістычнай айчыны пралетарыяту. Няхай удыхнуць вольнасці! Няхай убачаць нашыя дасягненні! Няхай зразумеюць, што толькі Расія, вялікая МАЦЬ зняволеных народаў, можа пазбавіць чалавецтва голаду, няволі і эксплуатацыі! Вось.

Толькі праз сем кіламетраў ад мяжы мы напаткалі зверскі супраціў крывавых капіталістаў. Напэўна, нехта з польскай заставы здолеў уцячы, выкарыстаўшы цемру, і паведаміў буржуазіі, што ідзе непераможная армія пралетарыяту. Нехта крыкнуў нам нешта на сабачай польскай мове. Мы не зразумелі што, толькі адказалі гучна і пагрозліва, ажно рэха лесам пайшло:

– Здавайся, фашыст, а не то знішчым!

Перад намі толькі загуло. Мы, значыцца, па хмызах, па равах: як вайсковая тактыка раіць – схованкі шукаць. Потым падцягнулі машынкі і давай сыпаць чэргамі. Толькі лес заенчыў. З дзве гадзіны білі мы так з кулямётаў. Ніхто не адгукнуўся. Але заўсёды трэба асцярожна. Вораг хітры: можа стаіўся і чакае.

Тым часам развіднела. Бачым: на дарозе перад намі наладаваны сенам воз стаіць, а пры ім забіты конь ляжыць. Больш нікога… Тады мы рушылі наперад асцярожна, каб у засаду не трапіць. Але ўсё скончылася шчасліва. Несумненна, што вораг зразумеў, з якой сілай дачыненне мае, і ганебна ўцёк.

Такім вось чынам я, малодшы лейтэнант непераможнай Чырвонай Арміі, пакрочыў на чале майго ўзводу ў буржуазную Польшчу. А адбылося тое ўночы 17 верасня 1939 года. Ура! ура! ура!

Запіскі гэтыя я пачаў у горадзе Вільнюсе. Пішу іх у гонар нашай магутнай Чырвонай Арміі і – перадусім – яе ВЯЛІКАГА правадыра, таварыша Сталіна. Яму таксама, натуральна, прысвячаю іх. Добра разумею, што пяро маё бяссільнае, калі хачу апісаць вялікасць нашага правадыра і маё каханне да яго. Дзеля гэтага патрэбна пяро Пушкіна альбо Маякоўскага. Я ж магу толькі дакладна занатаваць тое, што бачыў і чуў у тыя вялікія гістарычныя дні, якія вызвалілі некалькі прыгнечаных народаў з капіталістычнай няволі.