Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 24

Сяргей Пясецкі

– Дык навошта вы тут усё выкупаеце?

– Як гэта, навошта?… Каб падарунак паслаць, як доказ памятання. Вось будзе гэта ў доме для бруднейшай работы выкарыстоўваць. На вячоркі альбо сход які ці на гулянне дык нашае, савецкае адзенне апране.

Адна з іх паведаміла мне:

– У нас ёсць добрыя ядвабныя панчохі. Можа і іх таксама купіце для камплекту?

Падумаў я: “Канешне, варта Дуняшы панчохі даслаць”. А прадаўшчыца кардонку на прылавак паставіла і паказвае мне розныя панчохі. Агледзеў я ўсе і сказаў так:

– Што гэта за панчохі: як павуцінне! У нас панчохі вырабляюць моцныя і вялікія. А гэтыя, дык я і не ведаю, як яна на нагу нацягне.

– Чаму? – спыталася адна з іх. – Гэтыя таксама дужа моцныя. Дакладна мацнейшыя за вашыя баваўняныя. І на нагах пекна ляжаць.

Набыў я дзве пары панчохаў і пытаюся пра падвязкі. Бо дзе ж там Дуняша гумы на падвязкі набудзе? А яна сказала, што зараз гумы на падвязкі ў іх няма. І што ўвогуле мала хто падвязкі носіць.

– Дык як вы панчохі носіце, каб яны ўніз не асоўваліся?

А яна як пачала смяяцца. Потым старэйшая, гэткая кплівая, кажа:

– Зараз я вам пакажу.

Выцягнула з шуфляды нейкую ружовага колеру прыладу і на сабе, на бёдрах зашпіліла. Потым тлумачыць мне:

– Гэта пас называецца. А да тых гумак збоку прышпіляюцца панчохі. Гэта лепей за падвязкі, бо не сціскае ног і панчохі не моршчацца.

Набыў я і пас. За ўсё чэсна заплаціў і пайшоў дадому. Расклаў там гэтыя рэчы на ложку, на стале, на стуллях і вачам сваім не веру: такое ўсё пекнае! Так, раскошна жылося буржуям і буржуйкам у той іхняй імперыялістычнай Польшчы!

Назаўтра я спакаваў гэта ўсё ў скрынку, напісаў хімічным алоўкам адрас і прозвішча Дуні і панёс пакунак на пошту… Ледзьве нават не адаслаў, але – на шчасце – у апошнюю амаль секунду апамятаўся. “Што я раблю?! Калі Дуняшка гэтыя рэчы атрымае (а раптам такое здарыцца) і надзене іх, дык пра яе не толькі ўвесь калгас будзе мянціць, але і НКВД даведаецца… Пачнуць дапытваць, адкуль гэта, як і што? Можна, натуральна, растлумачыць, што нарачоны з Польшчы даслаў. Але адкуль ён усё гэта ўзяў?… Набыў… Але ў каго?… У буржуяў… Гэта значыць…

Я скончыў на гэтай думцы і адчуў, як адразу ўвесь мокры зрабіўся ад поту… Вось, здурнеў я зусім, жывучы між буржуяў! Гэта ж я маю каханую Дуняшку мог згубіць, а можа, і сябе з ёю разам! На шчасце, своечасова апамятаўся, з пошты выслізнуў і паціху, бакавымі вуліцамі, вярнуўся з тым клятым пакункам дадому. Садраў са скрынкі паперу з адрасам і спаліў яе. А пакунак пад ложак у кут запіхаў. Толькі тады супакоіўся.

19 снежня 1939 года.

Ліда.

Даўно я ўжо не пісаў, але і часу не дужа маю на гэта. Зрэшты, і нічога надзвычайнага не адбываецца. Польская буржуазія ўзорна ўціхамірана. Тая ж, што яшчэ ацалела, сядзіць ціха па кутах, а наша геройскае НКВД яе патроху ліквідуе. Урад наш вярнуў вольнасць беларусам і велікадушна абараніў іх прыняццем у Савецкі Саюз. Зараз – па самы Буг і нават за Буг – нашае ўсё. Літва атрымала адабраны ў яе польскімі панамі Вільнюс і дужа ўдзячная за гэта нашаму ВЯЛІКАМУ Сталіну. Словам: паўсюль планава ўведзены парадак, свабода, культура, дабрабыт і справядлівасць. Сацыялізуем што можам і дзе можам – па камуністычнаму.