Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 22

Сяргей Пясецкі

“Так, – вырашыў я, – дакладу першым! Не апярэдзіш мяне, буржуйскі паслугач! Атрымаеш адпаведна сваёй дурноце і браку бальшавіцкага характару!”

Выйшаў я з умывальні й паспешна апранаюся. А Ліпа праз хвілю крычыць з калідору:

– Гэй, камандзір, месца вольнае. Прашу мыцца й галіцца.

– Дзякуй, – кажу я. – Троху пазней.

А сам як мага хутчэй апрануўся, яго каб апярэдзіць, і гайда на вуліцу. Калі звярнуў на шашу, дык азірнуўся й заўважыў, што Ліпа таксама з дому выйшаў. Ну я тады стаў збоку, за парканам і думаю сабе: “Зараз трэба прасачыць, куды ён пойдзе”.

Хутка Ліпа мяне прамінуў і не ў горад, а да чыгункі пайшоў. Троху мне лягчэй сталася, бо я і тое заўважыў, што ён ішоў у рабочым камбінезоне і пад пахай нёс сумку з інструментам.

“А можа, не закладзе?… Можа, сапраўды не памятае, аб чым мы ўчора размаўлялі?… Выпіў жа ён ці не ў два разы больш за мяне!…”

Пайшоў я за ім далей. Недалёка была чыгуначная электрамайстэрня. Ліпа зайшоў туды, я ж збочыў з дарогі. Знайшоў сабе зручнае месца між стосаў чыгуначных шпалаў і залёг там. Думаю сабе так: “Калі за дзве гадзіны не выйдзе ў горад, дык пэўна ўжо не данясе. Мусіць, ён сапраўды запамятаваў пра што мы ўчора пад гарэлку размаўлялі”.

Але чакаў я да палудня. Пачуўся гудок. Хутка пасля гэтага Ліпа выйшаў з электроўні і скіраваўся дадому. Пэўна, на абед пайшоў. А я пацягнуўся за ім на адлегласці, на наш двор уступіў і паціху да свайго пакоя пракраўся. Там лёг на ложак. Ад страху я моцна саслабеў, спатнеў і ў лытках дрэнна пачуваўся. Праз нейкі час той кляты Ліпа да мяне пагрукаў. У мяне нават сэрца прыпынілася, але я папрасіў увайсьці. Увайшоў Ліпа са шклянкай гарэлкі ў руцэ.

– Трымай, чырвоны камандзір, найлепшы лек ад галаўнога болю. Клін… клінам!

– Не, – адказваю я. – Піць не буду. Ваша гарэлка нейкая дзіўная: па галаве б’е і памяць адымае. Увесь час намагаўся прыгадаць, пра што мы ўчора размаўлялі, але нічога ў галаве не засталося. Можа, ты памятаеш?

– А навошта пра гэта думаць? Ад такога і мозг можа ўспухнуць. Няўжо чалавек усё ўзгадвае, аб чым па п’яной справе вярзе?… Размаўлялі аб усім і ні аб чым.

– А ты не хлусіш? – спытаўся я.

– Навошта я мушу табе хлусіць?… Ці ты сапраўды з глузду з’ехаў? На, выпі гарэлкі, і табе лепей стане.

Лягчэй мне зрабілася. Зразумеў я, што ён не данясе, бо нічога з нашай рэакцыйнай размовы не памятае. Выпіў я гарэлкі і потым заснуў. Але толькі праз тры дні цалкам супакоіўся. І цвёрда вырашыў, што болей ніколі і ні з кім аб палітычных справах размаўляць не буду. Ніколі!

29 лістапада 1939 года.

Ліда.

Сёння я ад Дуняшкі пісьмо атрымаў. Піша яна:

“Любы Мішачка!

Вялікі дзякуй за тваё пісьмо і за фатаграфію. Я не магу на яе наглядзецца. Цяжка вачам сваім паверыць, што гэта сапраўды ты. Усе людзі з нашага калгасу па вечарах, пасля працы, да мяне прыходзяць, фатаграфію разглядаюць і таксама ёй дужа здзіўляюцца. Толькі не могуць паверыць, што гадзіннікі, якія ты маеш на руках і ў кішэнях, дык сапраўдныя. Але я веру табе, мой ты арол і герой, і дужа табой ганаруся.