Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 20
Сяргей Пясецкі
Горад нічога сабе: чысты. Але і тут поўна буржуяў. І адкуль яны толькі тут бяруцца?!… Падобна на тое, што ўся Польшча з адных буржуяў складаецца. Як ні паглядзі на каго, дык кожны ў ботах альбо ў чаравіках са скуры. У кожнага гадзіннік. І таксама крамаў шмат і прадаюць усё кожнаму без аніякіх абмежаванняў.
Што праўда: гэта ўжо не Польшча, а Беларусь. Наша Савецкая Беларусь. Зусім нядаўна былі выбары, і аказалася, што ўсе, у згодзе і ахвотна, галасавалі за далучэнне да Савецкага Саюзу. Ніхто не быў супраць. Дужа гэта прыемна. Сцяміла, аднак, буржуазія, што наш вялікі Савецкі Саюз і яго БАЦЬКА Сталін у стане забяспечыць усім вольнасць, працу і дабрабыт.
Кватарую я ў электраманцёра-чыгуначніка. Прозвішча ягонае Ліпа. Дужа вартасны чалавек – гарэлку п’е шклянкамі. Няйнакш. Я таксама нішто сабе, умею здорава пацягнуць, але яму не роўня. Падумаў спачатку, што гэта капіталіст вялікі, бо апрануты па-элеганцку і гадзіннік мае, і ў ботах ходзіць. Але пераканаўся пазней, што бясспрэчна ён з’яўляецца рабочым. Адразу, як я да яго ўсяліўся, прыйшоў ён да мяне з гарэлкай. Кажа:
– Вось што, чырвоны камандзір, трэба адзначыць твае ўлазіны да нас. Але можа, ты не захочаш з рабочым піць?
– Чаму не, – адказваю я. – Гарэлку і з чортам піць можна. Але ты не дужа на рабочага выглядаеш.
– Чаму так? – спытаўся ён.
– Гарнітурчык твой ваўняны, замежнага фасону, і чаравікі хромавыя выкрыюць тваё класавае паходжанне.
А ён мне кулак пад нос усадзіў.
– Паглядзі: якія маю рукі спрацаваныя. Як жалеза. Бачыш? Гэта ты беларучка і рабочым пагарджаеш. А ну пакаж руку!
Паказаў я яму далонь. А ён смяецца.
– Ты ручкі як у паненкі маеш. Адно для калупання пальцам у носе. Бачна, што не сам для сябе хлеб зарабляеш. Але мне ўшыстко едно, якое тваё класавае паходжанне. Афіцэр перадусім таксама чалавек, хаця часта горшы за свінню бывае.
Тыя ягоныя выслоўіцы не дужа мне спадабаліся. Але – думаў я сабе – чалавек несвядомы, дык як дзіця: мянціць абы што. А спрачацца з ім неяк не хацелася, бо, бясспрэчна, кулакі ён меў як кавадлы.
Пачалі мы гарэлку піць. Ён па паўшклянкі налівае і трэскае раз за разам. Бачу я: кепска – не дам яму рады. І так прапускаю чаргу. Але нічога… так сабе культурна бавімся і размаўляем то аб тым, то аб іншым. У пэўны момант я ў яго пытаюся: “Як па-беларуску “водка” называецца?” А ён адказвае:
– Не маю паняцця.
– Дык які з цябе беларус?
– Ніякі я не беларус, а паляк.
Падумаў я: “Хлусіць ты, бачна, не горш чым гарэлку піць умееш”. А потым кажу:
– Калі ты не беларус, дык навошта галасаваў за далучэнне Беларусі да Саюзу?
А ён адказвае:
– Ці ты дурань, ці дурня граеш? Кожны галасаваў, каб пячатку на дакуменце паставілі. Бо інакш: вораг народу! А гэта значыць… сам ведаеш што. Такім чынам не толькі за беларусаў, але і за зулусаў будзеш галасаваць.
– Дык няўжо тут беларусаў няма?
– Чаму няма? Ёсць, але мала. На ўсходзе іх болей. А тут амаль адныя палякі і жыды… Калі рускім Польшча так моцна не падабалася, дык павінны былі ўчыніць галасаванне за далучэнне да Палестыны. Гэта было б больш справядліва.