Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 21

Сяргей Пясецкі

– А табе Польшча падабалася?

– Чаму не? – прамовіў ён. – Калі хто працаваць умеў і хацеў, дык тут жыць можна было. Бачыш сам: чыстым хаджу, гарэлку п’ю і сям’ю належным чынам утрымліваю. Чаго яшчэ болей хацець?

– А на свабоду ты забыўся?

– На якую свабоду? – спытаўся ён.

– Ну, на пралетарскую свабоду.

– Не ведаю, якая там у вас у Расеі пралетарская свабода. Але ў нас кожны жыў, як хацеў. Калі былі выбары, дык мог за якую хацеў партыю галасаваць. А ў вас выставілі двух кандыдатаў. Абодва камуністы. Ні пра аднаго з іх нічога не чулі. Вось і выбірай, грамадзянін, хто табе больш падабаецца: тыфус ці халера?… Атрымліваецца, як бы я сказаў: “Альбо вы, куме, ідзіце ў горад, а я пазабаўляюся з вашай жонкай.” Альбо: “Я пазабаўляюся з вашай жонкай, а вы, куме, ідзіце ў горад”.

Выслухаў я яго ўважліва і кажу:

– Шкада мне цябе, што, з’яўляючыся рабочым, даў буржуям так сябе задурыць, што нічога ў тых справах не разумееш. Але я ўпэўнены, што і ты хутка зразумееш усё як след.

А ён мне адказаў:

– Як след я зразумеў усё, як толькі вы прыйшлі. І ты зараз усё разумееш як след, але па-стаханаўску норму хлусні адпрацоўваеш. Але ў вас нельга інакш.

Скончылі гарэлку і пайшлі спаць. А назаўтра зранку я ўзгадаў сабе дакладна нашу ўчорашнюю размову, і ажно халодна мне ад страху зрабілася. Ён жа ўчора крытыкаваў выбары і кпіў з іх, а я чуў гэта і не даклаў тэрмінова ў НКВД. Можна было б сёння пайсці і паведаміць пра ўсё, але спытаюць: “Чаму не данёс пра гэта ўчора?”

Ад страху мне моцна разбалелася галава. І не ведаў што рабіць? Данясу аб контррэвалюцыйнай размове – уліпну разам з ім… альбо за такую размову, альбо за затрымку. Не данясу, а тады, можа, ён закладзе, што я чуў усё гэта і не паступіў так, як павінен паступіць кожны чэсны афіцэр і камуніст!… Вось трапіў я ў няшчасце з-за той праклятай гарэлкі! І якога д’ябла пытаўся ў яго пра тых халерных беларусаў? Менавіта пасля таго, уласна, размова на выбары і перайшла!

Усхапіўся я з ложка і пайшоў да ўмывальні. А Ліпа мяне апярэдзіў. Ужо галіўся там.

– Як здароўе, чырвоны камандзір? – спытаўся ён.

Гляджу я яму ў твар і стараюся зразумець: пойдзе ў НКВД з даносам ці не пойдзе? А тым часам адказваю:

– Галава ў мяне дужа баліць.

А ён кажа:

– Дурная галава ад гарэлкі два гады баліць.

Што б гэта магло значыць? Чаму ён пра тыя два гады ўзгадаў?… Што мае на ўвазе?… Можа, зняволенне ў лагеры на два гады? Ды за такую размову не на два гады, найменей на восем гадоў засадзяць, а пасьля адбыцця тэрміну, калі не здохнеш, яшчэ столькі ж дададуць.

Ну я і гавару:

– Зашмат выпілі мы ўчора. Ні слова нават не памятаю, пра што размаўлялі.

А ён рассмяяўся (у мяне ад таго смеху ажно калені саслаблі) і кажа, галяк на далоні гострачы:

– Ат, мянцілі нештачкі па-сяброўску. Як на сёння, дык і я не дужа памятаю.

І адкашляўся. Але як адкашляўся!

“Так, я загінуў!” Зразумеў я, што дакладзе ён пра нашу ўчорашнюю антыдзяржаўную размову.

Дужа кепска мне сталася. Падумалася: я, чэсны афіцэр, і – можна сказаць – герой Чырвонай Арміі, мушу загінуць з-за гэтай подлай, польскай (прабачце – зараз беларускай) гадзіны!… Што рабіць?… Можа, хутчэй бегчы, каб першым данесці! Раптам траплю ў добрую хвіліну і мяне не заарыштуюць. Няхай бы ўжо білі колькі захочуць. Заслужыў я гэта з-за сваёй дурноты. Толькі шкада, што не буду мець магчымасці працаваць як афіцэр у гонар Расіі, партыі й нашага любімага ПРАВАДЫРА, таварыша Сталіна.