Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 19

Сяргей Пясецкі

Я троху апрытомнеў. Пальцам з носа кроў выціраю і думаю сабе так: “Што на яго найшло? Б’е па-службоваму, значыцца, ёсць дастатковая падстава. Але якая? Можа, на мяне хтосьці штосьці накляпаў? Але хто? А найгорш тое, што нават не ведаю, у чым прызнацца? У якой правіннасці ці праліку?”

Тым часам маёр дастаў з шафы снарад, які я ў буржуя ў цягніку адабраў і паставіў яго на стол.

– Пазнаеш гэта? – спытаўся ён у мяне.

– Пазнаю, таварыш маёр.

– Тады хадзі сюды і лепей прыглядзіся.

Наблізіўся я да стала. Маёр пачаў у снарада запал адкручваць. Потым зняў яго. Гляджу: вялікі корак бачны. Дастаў маёр корак са снараду і кажа:

– Зазірні ў сярэдзіну!… Што там ёсць?

– Нічога.

– Вось так, менавіта нічога… А ты, дурань, за гэта чалавека забіў!… Мне да чалавека справы няма, бо не рускі нават. Але ёсць справа да таго, што ты, ідыёт, нас высмейваеш. З-за вас, такіх дурняў, як ты, усе з нас кпяць. Ці разумееш ты, што гэта тэрмас?

– Разумею… тэрмас…

– Вось так… У такім тэрмасе можна доўга гарачую ваду альбо чай трымаць.

– Разумею, таварыш маёр. Зрабіў памылку і моцна выбачаюся. Хацеў абараніць майго камандзіра ад замаху плюгавага капіталіста.

– Які ён там капіталіст быў! Звычайны цясляр са Старой Вілейкі, вяртаўся з жонкай і дачкой з пахавання свайго сына. А тым часам ты і з яго нябожчыка зрабіў. А жонка ягоная ад страху звар’яцела.

– Памыліўся, таварыш маёр. Дужа выбачаюся. Адкуль я мог ведаць, што такі тэрмас існуе?… Акурат: снарад.

Маёр аднёс тэрмас у шафу, потым прысеў ля пісьмовага стала. Быў ён відавочна ў добрым гуморы, бо болей я ў пысу ні разу не дастаў. Нарэшце ён сказаў так:

– Праблемаў ад гэтага мець не будзеш. Пра тэрмас гэты нікому нічога не вякай. Быў снарад і ўсё. А ў наступны раз будзь больш уважлівы і не рабі з сябе такога дурня. А зараз вымятайся адсюль, быдляк!

– Вялікі дзякуй, таварыш маёр. Дайце, калі ласка, пропуск з будынка.

– Пазваню ахове: выпусцяць.

Выйшаў я з кабінета маёра на калідор. У галаве ў мяне троху кружыла… Цяжкую руку мае маёр! Здавалася, што гэтак злёгку ў пысу б’е, але адчуваю злева – як языком дакрануся дык бакавыя зубы варушацца.

Аднак мае права і работу добра выконвае. Адразу бачна вышэйшая соцспецыялізацыя! А як ён таго Чорнага абрабляў!… Дужа прыемна было паслухаць.

Такім чынам, з-за тых праклятых польскіх буржуяў, я замест ордэну і прэміі атрымаў два разы ў пысу. І шчасце яшчэ, што хаця б на тым усё і скончылася. А ўсё толькі з-за браку ў той праклятай Польшчы найпрымітыўнейшай культуры!… Смеху варта! Тэрмасы ім патрэбныя, каб гарачую ваду вазіць!… У нас, у Савецкім Саюзе, на кожнай вялікай станцыі, дзе-небудзь збоку кацёл стаіць і часта нават здараецца, што ў ім цёплая вада бывае. Вось гэта я разумею: ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ! А тут нават ваду трэба з сабою ў дарогу браць! Куль-ту-ра! Толкі плюнуць на ўсё гэта і нагой расцерці!

Лістапад 1939 года.

Ліда.

Знаходжуся ў Лідзе. Павінны былі ехаць у Старую Вілейку, а тым часам прыйшоў загад перабрацца ў Ліду. Савецкая ўлада ведае, што робіць.