Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 116

Сяргей Пясецкі

Вельмі прыкра мне зрабілася, што я сваім даносам на Ірку ў гестапа не толькі не нашкодзіў ёй, але і велізарна яе ўзнёс. Але хто ж такое мог прадбачыць?

7 снежня 1944 года.

Вільнюс.

Маёр цяпер – як я ўжо пісаў – палкоўнік і атрымаў пасаду начальніка НКВД у Вільнюсе. Да мяне ён ставіцца вельмі добра і больш не было выпадку, каб я ад яго па пысе атрымаў. Зрэшты, і я цяпер не абы-якая постаць. Я ж не толькі герой Савецкага Саюза, адзначаны высокімі ордэнамі, але і капітан Чырвонай Арміі.

Нядаўна маёр выклікаў мяне да сябе і спытаўся:

– Хочаш быць начальнікам раённай міліцыі? Гэта вельмі важная пасада. А паколькі добра ведаеш мясцовасць і насельніцтва раёну, дык гэта пасада для цябе цалкам адпаведная. Падначальваўся б непасрэдна мне. Арганізаваў бы належным чынам народную міліцыю. Меў бы для дапамогі тых польскіх камуністаў, якія былі ў нашым партызанскім атрадзе.

Я вельмі ўзрадаваўся той прапанове і з вялікай удзячнасцю яе прыняў. Гэта давала мне магчымасць самастойна і з карысцю працаваць дзеля шчасця пралетарыяту і Савецкага Саюза. І на фронт, дзе можна лёгка загінуць, мяне ўжо не маглі паслаць. Акрамя таго, я мог праводзіць ліквідацыю ворагаў працоўнага люду, якімі, несумненна, з’яўляюцца ўсе палякі. А такія ліквідацыі могуць быць вельмі карыснымі таксама і для таго, хто іх праводзіць. Таму я адказаў наступным чынам:

– Таварыш палкоўнік! Ахвотна прымаю гэтую прапанову і дзякую за гонар, адзнаку і давер. Буду намагацца нішчыць ворагаў Савецкага Саюза на гэтай пасадзе не менш старанна, чым у часе нашага супольнага змагання.

Палкоўнік загадаў мне ўладкаваць мае справы ў Вільнюсе і праз тры дні з’явіцца да яго па дакументы і інструкцыі. А потым я мусіў выехаць у райцэнтр для прыняцця пасады.

Адплацілася мне, аднак, тое, што я быў нязломным камсамольцам і сынам нашай святой Расіі. Быў шчодра ўзнагароджаны за маю безгранічную адданасць БАЦЬКУ Сталіну і камунізму!

  

1 студзеня 1945 года

1 студзеня 1945 года.

Вільнюс.

Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!

З 15 снежня я – начальнік раённай міліцыі. Арганізаваў ужо больш за дзесяць пастарункаў у раёне. Маю ў сваім распараджэнні асабісты аўтамабіль і шафёра. Карацей: я цяпер ВЯЛІКІ чалавек і велізарная асоба.

Зрабіў я, карыстаючыся інфармацыяй ад польскіх камуністаў, некалькі спісаў ворагаў працоўнага люду і даслаў іх у НКВД для прыняцця рашэння і ўрэгулявання. Аказалася, што ўсё тутэйшае насельніцтва, акрамя сем’яў камуністаў і іх сяброў, па-прафашысцку настроенае і рэакцыйна арыентаванае. Таму будзе шмат працы з арыштамі, высылкамі ў лагеры і іншыя аддаленыя месцы Савецкага Саюза. Але цяпер трэба будзе рашуча ачысціцца ад тых контррэвалюцыйных элементаў.