Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 115

Сяргей Пясецкі

11 лістапада 1944 года.

Вільнюс.

Баценьку свету, вялікаму Сталіну, ура! ура! ура!

Дзяржвыдат выдаў у 1.000.000 экземпляраў кніжку слыннага пісьменніка Іллі Сталінбздурга пад назвай Нязломныя. Гэта аповед пра дзейнасць нашага партызанскага атраду імя Ванды Васілеўскай. У гэтай кніжцы на першай старонцы ёсць партрэт, натуральна, Сталіна; потым – партрэт Ванды Васілеўскай, апякункі нашага атраду; потым маёра, потым мой; і нарэшце усяго нашага атрада ў розных сітуацыях: у баявым парадку, на прывале, і г.д. У кніжцы ёсць таксама 15 карт з раёнаў нашых баявых аперацый і адпаведна перароблены, а таксама літаратурна апрацаваны Дзённік нашага атраду. Але цікавей за ўсё, несумненна, апісанне нараджэння нашага атраду і яго вялікіх подзвігаў пяра Іллі Сталінбздурга. Так ужо маляўніча і прыгожа ён там нашы гераічныя бітвы з пераважаючымі сіламі гітлераўцаў апісаў, быццам і сам разам з намі змагаўся за вольнасць Расіі і свету. Так, мы можам ганарыцца нашымі савецкімі пісьменнікамі. Здольнасці ў іх незвычайныя!

Акрамя таго я даведаўся, што павінны быць зняты фільм пад той жа назвай НЯЗЛОМНЫЯ. Відавочна, што гэта будзе найвыдатнейшы фільм у свеце, асабліва каштоўны тым, што абапіраецца на цалкам праўдзівыя падзеі. Толькі ў ім Расія і ўвесь свет здолеюць убачыць, якіх цудаў адвагі і самаахвярнасці здатны дасягнуць супольна расійскія афіцэры і польскія камуністы, якіх натхняе вялікая ідэя сталінскага сацыялізму!

Будзе таксама пастаўлены пад той жа назвай тэатральны спектакль. А савецкія паэты ўжо складаюць аб нас паэмы і балады… Як бачыце: акупілася мне мая нязломная камуністычная адданасць Расіі і яе ВЯЛІКАМУ правадыру!… Яшчэ мяне шчодра ўзнагародзілі за маю адвагу і цяжкое змаганне з крыважэрнымі фашыстамі. У дні свята кастрычніцкай рэвалюцыі мне прысвоілі званне капітана і адначасова ўручылі ордэны Суворава, Кутузава, а таксама Грунвальда. Маёру ж прысвоілі палкоўніка і ўзнагародзілі ордэнамі Леніна, Сталіна, а таксама Дзяржынскага.

Але здарылася адна гісторыя, якая мне вельмі не спадабалася. Узнагароды нам уручалі ўрачыстым чынам – пасля вайсковага параду ў Вільнюсе, на плошчы Сталіна. Уручаў нам узнагароды сам камандуючы заходнім фронтам генерал Вазелінаўскі. Дзеля ўзнагароды выклікалі маёра, мяне і нейкую кабету. І тут я са здзіўленнем убачыў, што злева каля мяне стала Ірка. Узнагародзілі яе золата-чырвонай зоркай з дыяментамі імя Ванды Васілеўскай.

Пасля ўрачыстасці я наблізіўся да Іркі і спытаўся:

– Шаноўная Ірэна Антонаўна, ці пазнаеце мяне?

А яна аслупянела і сказала:

– Ідзі ты да халеры, хам, бо зараз табе ў пысу трэсну!

Даў я ёй супакоіцца і адышоўся, хаця было вельмі цікава: якім чынам такая гідкая і ардынарная дзеўка была ўзнагароджаная ордэнам такой вялікай польскай патрыёткі і найвялікшай пісьменніцы свету Ванды Васілеўскай? Потым маёр (цяперашні палкоўнік) мне растлумачыў:

– Гэта вялікая рэвалюцыянерка і ахвяра гестапаўцаў. Мы вызвалілі яе з турмы, дзе сядзела ў немцаў па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Савецкага Саюза. Трымалі яе ў турме амаль тры гады. Нейкі савецкі здраднік данёс на яе ў гестапа, што яна працавала на карысць нашай разведкі. Але яна трымалася гераічна і нічога немцам не паведаміла. Таму яе прызналі “нязломнай”, узнагародзілі ордэнам і, як асобу з выключна высокімі сацыялістычнымі маральнымі якасцямі, прызначылі старшынёй Аддзелу Апекі над Маці і Дзіцем пры тутэйшым Гаріспалкоме6 . Цяпер яна можа зрабіць вялікую кар’еру, бо нашы ўлады звярнулі на яе асаблівую ўвагу і цэняць яе вельмі высока.