Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 114

Сяргей Пясецкі

Аказалася, што НКВД ужо ў горадзе і ўжо прыступіла да навядзення парадку – так, як належыць. Па дарозе я заўважыў некалькі польскіх партызанаў з бела-чырвонымі павязкамі на рукавах і з арламі на шапках. Гэта мне вельмі не спадабалася. Але адзін з энкавэдзістаў сказаў, што хутка з імі будзе поўны парадак.

Маёр сказаў мне трымацца пры ім, бо трэба будзе ўладкаваць справы з нашымі дакументамі. Ён спытаўся ў мяне, ці хацеў бы я працаваць у НКВД. Я сказаў яму шчыра, што заўсёды пра гэта марыў, паколькі з’яўляюся ідэйным камуністам. Ён паабяцаў, што паспрабуе мяне ўладкаваць.

21 ліпеня 1944 года.

Вільнюс.

Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!

Я самы шчаслівы чалавек у свеце. Пра мяне пішуць ва ўсіх газетах Савецкага Саюзу. Мой фотаздымак размясціла мноства ілюстраваных часопісаў: як героя надзвычайнай партызанскай барацьбы ў тыле ворагаў Расіі. Толькі мне прыкра ад таго, што пра маёра як пра камандзіра нашага атраду пішуць яшчэ больш, чым пра мяне.

Маёр мне сказаў, што аб нашым геройскім атрадзе будуць складаць песні, пісаць кніжкі і можа нават вялікі фільм здымуць. А штандар нашага атраду ўжо адаслалі ў Маскву, і ён будзе памешчаны там у спецыяльным гістарычным музеі, прысвечаным барацьбе за вызваленне Расіі ад гітлераўскага нападу. Гэты штандар стане пуцяводнай зоркай для Расіі і камуністаў усяго свету.

Вельмі гэта прыемнае самапачуццё.

11 жніўня 1944 года.

Вільнюс.

Апошні раз я пісаў 21 ліпеня. Потым не меў часу, хаця было шмат цікавых рэчаў для занатавання. Цяпер распавяду троху больш.

Вось, жыву я зноў у вучыцелек. Праз два тыдні пайшоў я туды. Бабы як убачылі мяне, дык вельмі спалохаліся. А я адразу валю да майго пакоя і бачу, што дзверы адчыненыя. А я ж пакінуў іх добра зачыненымі на ўсе засаўкі і навясныя замкі.

– Хто гэта зрабіў?! – спытаўся я пагрозліва.

Марыя Іванаўна адказала:

– Нямецкае гестапа. Некалькі разоў сюды прыходзілі і аб вас распытвалі. Потым выламалі дзверы. Прывяла іх сюды нейкая прастытутка, Ірэна, якая жыла насупраць і мела з вамі нейкія справы. Гестапаўцы распытвалі ўсіх нас пра лейтэнанта Зубава, бо атрымалі аднекуль інфармацыю, што ён тут жыў і быў вядомым камуністам.

Зразумеў я, што зрабіў вялікую памылку, калі паслаў пісьмо ў гестапа, каб пакараць тую подлую Ірку. З гэтага вынікала толькі тое, што заставалася самога сябе дакараць, бо мае найкаштоўнейшыя рэчы зніклі. Толькі катарынкі немцы не забралі, таму Марыя Іванаўна ў сваім пакоі яе захоўвала. Імгненна аддала яе мне. І яшчэ адна рэч засталася ў пакоі некранутай: партрэт Гітлера, які я, выходзячы з Вільні, на ганаровым месцы павесіў. Садраў я партрэт са сцяны, шпурнуў на падлогу і нагамі патаптаў. Потым аблаяў належным чынам баб і загадаў ім тэрмінова вызваліць для мяне яшчэ адзін пакой. Я цяпер вялікая асоба і не выпадае мне жыць абы-як. А гэтыя тры бабы з дзіцёнкам могуць цудоўна і ў адным пакоі змясціцца.

Не магу я нашкадавацца свайго чамадана і ботаў. Але пісатлет і дакументы, якія перад выхадам з гораду схаваў пад абшыўкай крэсла, ацалелі.