Читать «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» онлайн - страница 117
Сяргей Пясецкі
22 снежня я атрымаў ад начальніка НКВД з Вільнюса загад: знайсці ў раёне адпаведны маёнтак дзеля арганізацыі “падсобнага хазяйства”7 для НКВД. Мне адразу прыйшоў у галаву маёнтак пані Юзэфы. Ён зручна размешчаны. Мае добрыя зямлю і будынкі. А жывы інвентар можна будзе ў навакольных мужыцкіх гаспадарках сацыялізаваць. Зрэшты, адразу далучыць да маёнтку пані Юзэфы некалькі суседніх мужыцкіх гаспадарак. Такім чынам, і маёнтак павялічыцца, і будзе добра ўсім забяспечаны. Гаспадарку Малугаў трэба будзе далучыць у першую чаргу, бо яны маюць добрых коней і кароў.
Удзень 24 снежня я арганізаваў выправу ў тую мясцоваць для ліквідацыі рэакцыянераў і забеспячэння маёнтка для НКВД. Такія справы трэба ўрэгулёўваць неадкладна. Узяў я з сабою грузавік і сем міліцыянераў аховы. А сам паехаў першым на асабістым аўтамабілі. У першую чаргу заехалі мы ў маёнтак Буркі. Пані Юзэфа выйшла з дому на двор, і было бачна па яе фашысцкай пысцы, што яна вельмі спалоханая. Я выйшаў з аўтамабіля і іду да яе. Праз некаторы час яна пазнала мяне і крыкнула радасна:
– Мішачка, ці гэта я цябе бачу?! Я думала, ты загінуў і плакала па табе!
Тады я сказаў ёй колка:
– Няма тут ніякага Мішачкі, а ёсць капітан Зубаў, начальнік раённай народнай міліцыі. Прыехаў сюды рабіць рэвізію!
Яна збляднела. Глядзіць на мяне, быццам вачам сваім не верыць, і нічога не кажа. А я сказаў ёй ісці ў дом. Узяў з сабой двух міліцыянераў. Калі ўвайшлі ўнутр, я сказаў ёй:
– Прашу неадкладна выдаць мне схаваную зброю!
А яна адказала:
– Няма ў мяне ніякай зброі!
– Няма? – пытаюся я.
– Няма, – паўтарыла яна.
Тады я як трэсну яе ў пысу, як крыкну:
– А браўнінг мужа, які, подлая гадзюка, сама мне паказвала, дзе?
Аддала яна мне браўнінг. Тады я пачаў яе аб іншых справах распытваць. Найперш аб кантактах з загранічнымі рэакцыяністамі з дапамогай радыё. Яна заўпарцілася. Але ізноў атрымала ў пысу. А радыё я сам са схованкі за печкай вынуў, бо яна нават не падазравала, што я ведаю, дзе яна яго хавала. Радыё гэта вельмі мне прыдасца, бо менавіта аб нечым такім я марыў.
Яна мне кажа:
– Дык гэта так, Мішачка, ты аддзячваеш мне за тое, што я цябе тры гады, рызыкуючы сама, ад немцаў хавала і як да сына да цябе ставілася! Казаў шмат разоў, што да смерці будзеш мне ўдзячны за маю дабрыню і ахвярнасць!
Дык я яе яшчэ раз у пыску трэснуў.
– Маўчы, подлая рэакцыяністка! – крыкнуў ёй. – Такіх як ты трэба як клапоў нішчыць, бо нічога ад вас, апроч здрады Савецкаму Саюзу, нельга чакаць!
Зрабілі мы пільны вобыск ва ўсім маёнтку. Я добра ведаў, дзе што трэба шукаць. Потым напісаў пратакол вобыску і пералічыў галоўныя пункты абвінавачання:
1. Муж у Англіі.
2. Укрыванне дэзерціра Чырвонай Арміі.
3. Захаванне зброі.
4. Падтрыманне кантакту з заграніцай з дапамогай радыё.
5. Дапамога дзейнасці партызанаў.
6. Кантакты з немцамі, дзякуючы веданню нямецкай і французскай моў.