Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 72

Сакрат Яновіч

Найпершай умоваю даўгавечнага сяброўства зьяўляецца неабходнасьць ва ўзаемінах, патрэбнасьць аднаго аднаму. Гэтага аднак, аказваецца, далёка недастаткова, хоць бы й таму, што ніколі не здараюцца ідэальна роўныя патэнцыялы — матэрыяльныя й духоўныя. Значыць, большая маральная адказнасьць падае на мацнейшы бок. Знакаміта прасочваецца гэта ў факце зьнікненьня беларускай фэадальнай высокай культуры ў карысьць польскай. Ведаем, што не адбыўся тут крывавы прымус, але, хутчэй за ўсё, унівэрсальная загледжанасьць прасьцейшага ў больш разьвітага. Аналягічная асыміляцыя праходзіла на захадзе Рэчы Паспалітай, на Ўзмор’і ды ў Сылезіі, дзе спакваля разьлівалася моўная й мэнтальная нямеччына. Неабсяжная хваля росквіту кацілася на славянскі ўсход ад колішніх рымскіх правінцыяў Італіі, Галіі й Брытаніі, і нічога не магло супрацьстаяць ёй. Маскоўскі ізаляцыянізм, выкліканы аб’ектыўнымі й суб’ектыўнымі прычынамі, лёг на пасьлейшую Расею страшэнным ценем адсталасьці, зь якое ня выйшла яна й па сёньняшні дзень. Беларусь апынулася ў неблагой сытуацыі самага крайняга рубяжа культурнай Эўропы, аж да пярэдадня ўзьнікненьня ў ёй індустрыяльнай цывілізацыі.

Да згаданага сужыцьця даходзіць не па інстынкце закаханасьці, як назіраем гэта паміж людзьмі, але пад ціскам вонкавых акалічнасьцяў. Іначай кажучы: адзін аднаго ратуе, каб выратавацца абодвум. У беларускім — і ня толькі — выпадку адразу прыгадваюцца нам назвы-сымбалі для ілюстрацыі такіх словаў: будзь гэта Грунвальд, які для заходнеэўрапейскай гістарычнай памяці ня болей значыць, як ледзь прыкметны эпізод усяго, але для нас — зваротны момант у выжываньні; ці будзь гэта Полацак, у якім у 1563 годзе засеў Іван Грозны і, каб не Люблінская вунія, расстрос бы ўшчэнт Вялікае Княства Літоўскае, нашую Праайчыну.

Абодва народы йшлі крок у крок. Аднак заўсёды адзін зь іх спатыкаўся й пачынаў падаць. Ад таго, як падхопліваў яго другі, можна меркаваць пра шчырасьць суадносінаў. Беларусы ўспамагалі мячом ды пагоняю палякаў. Палякі не пакідалі ў бядзе нас. Можна сказаць, усе мелі ў тым інтэрас. І добра. І так павінна быць. Калі той інтэрас прапаў, напрыклад, у 1920 годзе, дык гісторыя тыцнула нам пад нос Рыскі трактат і падзел Беларусі.

За ўсё трэба плаціць. Каштуе дабро, але яшчэ большай цаною трэба пакрываць зло. Пра гэта ведаюць інтэлігентныя палітыкі. Вельмі рэдка разумее гэта, на жаль, просты чалавек.

Саюз моцнага са слабым падвойна рызыкоўны таму другому. Атрымоўваючы апору, ён ніколі ня можа быць упэўненым у тым, што не закончыцца яна ўдушлівым заціскам. Ставіць сябе, такім чынам, у залежнасьць, але выратавальную ў дадзеную гістарычную хвілю. Хоць цяжка пазбыцца яе ў будучым. А што адбываецца са слабейшым бокам, калі валіцца мацнейшы? Вядома, руйнуюцца абодва. Вяласьць саксонскай Польшчы пахіліла да самюткае зямлі Літву. Сумна канстатаваць тое, але адначасна трэба не забываць, што Масква даўно глынула б з патрахамі Белую Русь, калі б ня польскае плячо. Несумненна, рацыю мецьме й той, хто адкажа, што няўстойка Літвы пагражала самым крывавым чынам інтарэсам той жа Польшчы. Усё зьвязана, нішто не адбываецца ў вакууме.