Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 62

Сакрат Яновіч

Гэтая падзея, так бы мовіць, агаляе карані шумных польска-беларускіх канфліктаў у пэрыяд гітлераўскай акупацыі. Сытуацыя на нашых землях пасьля 1941 году аказалася цалкам непадобнай да тае з 1919-1920 гадоў. Трэба памятаць пры тым, што вырасла новае пакаленьне палякаў, якім і ў галаву не прыходзіла думка, што можна адрачыся й аддаць Беларусі такія гарады, як: Наваградак, Лунінец, Пінск, Берасьце, Ліда, Баранавічы, Слонім, Горадня. Калі б хто зь іх такое сказаў, быў бы ўспрыняты чорным здраднікам Айчыны!

Гэта яшчэ адна прычына таго, што беларускія палітыкі тыпу Вацлава Іваноўскага мусілі прапасьці. Яны ціснуліся паміж дзьвюх сцэнаў — польскай і расейскай, хоць і намагаліся аперціся на першую зь іх. Іхны час прыйшоў праз паўвеку; тады яны зарана зьявіліся. Забілі ў акупацыйнай Вільні й Францішка Аляхновіча, нягледзячы на тое, што меў ён на сабе арэол вязьня салавецкіх лягераў, якога польскі бок — у пачатку трыццатых гадоў — пераняў у выніку абмену за камунізуючага Браніслава Тарашкевіча. Дасьледнікі паказваюць пальцамі на забойцу з асяродзьдзя Арміі Краёвай, злучаючы гэты замах з апублікаваньнем Аляхновічам у сваёй газэце сьпісаў беларускіх нацыянальных дзеячаў зь Лідчыны, якіх масава расстрэльвалі ня немцы ды не саветы... Якраз у тым павеце структуры АК глыбока ўкараніліся. Такія пасрэдныя доказы злачынства. А быў жа зьліквідаваны не абы-хто, але выдатны драматург, адна з самых папулярных постацяў у беларускай культуры.

Ня хто іншы як Тадэвуш Канвіцкі менавіта, пісьменьнік родам зь Віленшчыны, дакладна, хоць, магчыма, не зусім сьвядома, прыкмеціў у сваёй творчасьці і ў публіцыстыцы новы этап у польска-беларускіх зносінах, вельмі нядобры, пачатак якога ў самай сярэдзіне нямецкай акупацыі. Гістарычна спозьненыя дамаганьні беларусаў мець сваю дзяржаву выклікалі крымінальныя дзеяньні супраць іх як з боку Варшавы, гэтак і Масквы. Незалежніцкі рух кваліфікаваўся ў катэгорыю дзяржаўнай здрады, што ва ўмовах фронту раўнялася быць пастаўленым да сьцяны. Ад гэтага моманту пачаўся рост колькасьці польскіх злачынстваў, ня кажучы ўжо пра расейскія, якія дасягнулі астранамічных лічбаў у народазабойстве.

Нацыяналізм ды шавінізм аказаліся непазьбежнымі. У беларускага няма такіх жахлівых рахункаў не таму, што — як некаторыя кажуць — выяўляў ён сябе ў болей чалавечым абліччы, але таму, што меў, звычайна, значна слабейшую апору ў грамадзтве, нацыянальна нясьпелым ды матэрыяльна аслабленым доўгім каляніялізмам. Можна сказаць і так: фашызм — як ідэалёгія галоты — мог шырока прыняцца ў зьбяднелай Беларусі, гэтаксама як і камунізм, які вырас на камітэтах вясковай галечы. Час аднак не дазваляў адумацца: Чырвоная Армія наступала, акупанты зьвярэлі, і не было калі разважаць пра мэтадычную індактрынацыю народу.