Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 60

Сакрат Яновіч

У Беластоку заснавалі першы ў ягонай гісторыі стацыянарны тэатар, і аказаўся ім менавіта польскі, пад кіраўніцтвам віленскага актора Аляксандра Вянгеркі. Пачала выходзіць і польскамоўная штодзённая газэта „Вольная Праца”. Аднавіліся школы. Беларуская ССР, пашыраная аж пад Варшаву, да сутокаў рэк Буг і Нараў, уяўляла сабою даволі дзіўны дзяржаўны арэал, на якім у заходніх вобласьцях спакваля дамінавала польская культура, прыглушаная маскоўска-расейскай адміністрацыяй, пад беларускім паказным гербам; на ўсходзе ж дагарала беларушчына, затаптаная імпэрскім ботам. А ўсё гэта ў цэласьці называлася Беларусяй. Ні то на сьмех, ні то на правакацыю... Такога каляніялізму сьвет яшчэ ня зьведаў, каб прымушаць народ дзякаваць за няволю. І то шчыра, часта.

Якія ж тады маглі быць узаемныя сувязі ў літаратуры альбо ў мастацтве, калі, напрыклад, зь некалькіх сотняў беларускіх літаратараў засталося на свабодзе дакладна ўсяго трынаццаць; а за палітычны анэкдот даставалася славутыя „дзевяць грамаў у патыліцу”? Быў забіты ў менскай „Амэрыканцы” Браніслаў Тарашкевіч. Недзе звар’яцеў ад катаваньняў Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч). Рыхтавалі канец вялікаму Янку Купалу. Варушыўся пясок ад недастраляных у Курапацкім ляску. Зьнішчалася ўсё разумнае. Заставаліся ў жывых ідыёты й безгаловыя служакі.

Куды йшоў сьвет у пачатку саракавых гадоў ХХ стагодзьдзя, праз пяцьсот гадоў пасьля Францішка Скарыны, празь век пасьля Адама Міцкевіча, атручанага царыстамі ў Канстантынопалі, і Аляксандра Пушкіна, застрэленага над Чорнай рэчкаю пад Пецярбургам?!

Але не бывае такое ночы, каб не настаў ранак, а потым і дзень. Трагедыя нямецкай акупацыі зноў дала штуршок да яднаньня народаў. Паўтарылася нешта накшталт перажытай супольна з палякамі царскай тыраніі. На жаль, з падобнымі вынікамі. Польскі эміграцыйны ўрад, адчуваючы магутную падтрымку з боку альянтаў з антыгітлераўскай кааліцыі, Англіі ў першую чаргу, не схіляўся да зьмены свайго бачаньня Беларусі ды ейных праблемаў. Цьвёрда вызнаваў дух Рыскага трактату, што перакрэсьлівала магчымасьці палітычнага паразуменьня. Вацлаў Іваноўскі, той самы, які стаяў ля калыскі Маладой Беларусі, заняў пасаду бургамістра сталічнага Менску ў арганізаваным Бэрлінам, тэрытарыяльна абмежаваным, Камісарыяце Беларусі. Маючы аўтарытэт у нацыянальных элітах, гэты беларускі прафэсар Варшаўскага Палітэхнічнага Інстытуту быў у стане нямала зрабіць дзеля будаваньня беларуска-польскага саюзу; карыстаўся даверам таксама ў вядучых колах тайнай Арміі Краёвай. Як сьведчаць цяпер архіўныя дакумэнты, акцыя забуксавала ва ўрадавых кабінэтах лёнданскай эміграцыі санацыйных палітыкаў. Трэба было ім пераскочыць дагэтуль завысокае — прызнаць існаваньне Беларусі! І як наступтва гэтага — дыскутаваць пра яе дзяржаўныя межы, больш альбо менш адступіцца пры тым ад пастановаў у Рызе з 1921 году, што мусіла азначаць прасоўваньне тэрыторыі Польшчы на захад, за кошт Нямеччыны, аб чым і слухаць не захацелі б ангельцы, якім важна было — ад няпамятных часоў — спрыяць раўнавазе нямецкага патэнцыялу супраць францускага. У змозе перакроіць межы аказаўся ня хто іншы, як Сталін менавіта, ды зусім не ў інтарэсах Беларусі, у чым лёгка здагадацца, і нават ня Польшчы.