Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 61

Сакрат Яновіч

На Вацлава Іваноўскага наладзілі ж замах беларускія агенты гестапа, арганізуючы пад эгідаю бадай што самога Радаслава Астроўскага апэрацыю такім чынам, каб усё зваліць на савецкіх партызанаў. Ім тое знакаміта ўдалося, і ў Маскве доўга хваліліся не сваёй работай, не адразу спахапіўшыся, што гэта не прыносіць славы ў вачох патрыятычна настроеных слаёў насельніцтва. Гэтая сьмерць, якая мела месца пры поўным маўчаньні польскага Лёндану, прагучала жалобным рэквіемам апошняе спробы пайсьці сумесна з палякамі. Ад гэтага моманту ў пытаньнях Беларусі на міжнародным форуме чуўся адзін голас — з грузінскім акцэнтам маналёгі Ёсіпа Вісарыёнавіча ў Ялце, і пасьля, калі Беларускую ССР ўзвысілі ў Сан-Францыска да элітарнага кола дзесяці дзяржаваў-заснавальніцаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Няцяжка зразумець, што гістарычнае далучэньне Беларусі да Польшчы было немагчымае. Погляд палякаў на яе як на неразьдзельную правінцыю настолькі трывала ўеўся ў сьвядомасьць розных пластоў насельніцтва, што спатрэбілася ўмяшаньне таталітарнага хірурга, а дакладней кажучы: новы падзел Эўропы ў выніку рэцыдыву расейскай экспансіі. Масква каторы ўжо раз паставіла свае гарнізоны ў Берасьці й Горадні, і не ўпершыню ў Бэрліне (паўторна не дайшла салдатня толькі да Парыжа).

34. Плян

Толькі мала дасьведчаныя інтэлектуальна людзі лічаць гісторыю як нейкі склад ужо непатрэбных, бо даўніх, фактаў. У сапраўднасьці мінулае вызначае сёньняшні дзень і будучыню.

У гады станаўленьня даваеннай Польшчы Юзэф Пілсудскі — як яе першаначальнік — наважыўся ажыцьцявіць канцэпцыю фэдэрацыйнага ладу, гэта значыць, і аднаўленьня колішніх Украіны й Літвы ў прыблізных межах першай Рэчы Паспалітай, вядома, з вышэйшай роляй Варшавы. Заняўшы Вільню ў 1919 годзе, абвесьціў гэтак званую, адозву да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага. Украінскі фрагмэнт задуманай ім фэдэрацыі спрабаваў рэалізаваць паходам на Кіеў, каб канчаткова ўмацаваць уладу атамана Сымона Пятлюры, што закончылася разгромным адступленьнем улетку 1920 году.

Рэканструкцыю Вялікага Княства Літоўскага ўяўляў Пілсудскі як зьвязаную з Польшчай дзяржаву летувісаў, беларусаў і палякаў, падзеленую на тры кантоны: Жамойцкую Літву, Сярэднюю Літву, Беларускую Літву. У адпаведнасьці з гэтым кожная зь іх мела б свае цэнтры, а менавіта: Каўнас, Вільню, Менск. Самой жа Вільні прыдаваў ён дадатковае значэньне яшчэ й як сталіцы цэлай Літвы. Вось так, з большага, павінна было быць. І хоць польскі маршалак карыстаўся славаю, супрацівіліся ягонай канцэпцыі перш за ўсё самі палякі, якія палічылі, што няма патрэбы зь некім дзяліцца ўсходнімі тэрыторыямі. Катэгарычна адкінулі гэтую прапанову таксама ў Каўнасе, памятаючы пра палянізацыйныя вынікі Люблінскай вуніі. Адны беларусы былі схільныя йсьці на перамовы, але варшаўскія палітыкі пастараліся суцішыць іх: у час перамоваў з саветамі ў Рызе амаль сілком пазбыліся яны Менску, што выклікала зьдзіўленьне нават у самога Адольфа Ёфэ, бальшавіцкага камісара па замежных справах.