Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 59

Сакрат Яновіч

У галіне літаратуры й мастацтваў гэтак жа не знаходзім сьлядоў партнэрства. Вільня — як цэнтар культуры — набыла амаль выключна польскае аблічча. Беларускі Парнас даўно перасяліўся ў Менск, а на апусьцелым па ім месцы ледзь бачна рунелі сям-там маладыя таленты, фактычна, пачаткоўцы, якім не было ўпоравень нават з тутэйшым пісьменьніцкім асяродзьдзем, ня кажучы ўжо пра варшаўскае. Максім Танк, Міхась Машара, Міхась Васілёк, Натальля Арсеньнева, Валянцін Таўлай, Піліп Пестрак — усё гэта прозьвішчы, пра якія гаварылася як пра абнадзейваючыя, але ня болей. Час ад часу друкавала іх творы люблінская „Камэна” альбо львоўскія „Сыгналы”, нешта зьмяшчалася і ў „Атэнэуме”. Гэта элітарныя часопісы, без заўважальнага грамадзкага значэньня.

Да сумнага сымбалю тае сытуацыі належыць постаць Браніслава Тарашкевіча, беларускага велікана, але й асобы з польскай культурай. Клясычны эўрапеец, стваральнік Граматыкі беларускай мовы, пецярбурскі прафэсар, палітык, літаратар (пераклаў Пана Тадэвуша, Іліяду), правадыр славутай Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, сябар варшаўскіх міністраў, добры знаёмы Юзэфа Пілсудскага, парлямэнтар Рэчы Паспалітай, індывідуальнасьць, якую ахвотна віталі ў салёнах польскай сталіцы. Верыў ён, што ўдасца нешта карыснае ўчыніць для Заходняй Беларусі. І расчараваўся да самюткага дна. У 1925 годзе ўхапіўся апошняй надзеі, не пазбаўленай некаторай рэальнасьці: зьвязаўся з камуністычным рухам, з маскоўскім Інтэрнацыяналам. Адвярнуўся ад Польшчы, але не ад яе культуры.

Не прадугледзеў дзьвюх рэчаў: таго, што Варшава зьнішчыць яго толькі палітычна, а Масква яшчэ й фізычна — выстралам у патыліцу 29 лістапада 1938 году.

Усюды, дзе зьявіўся камунізм, лягалі покатам у пясок мільёны людзей. Польшча з культам Пілсудскага не была камуністычнай, а спачатку нават і не нацыяналістычнай. Але, лёгіка гісторыі непазьбежна выводзіла народы на эшафот сатрапаў. У верасьні 1939 году ў Берасьці сустрэліся дзьве арміі, якія затапталі Польшчу: савецкія камандзіры стукнуліся чаркамі зь нямецкімі, супольна прынялі парад войскаў. Гэта не было вызваленьне Заходняй Беларусі, гэта быў падзел Эўропы па лініі ракі Буг. Польшча была высьмеяная як часовая дзяржава; у Крамлі падумвалі аб савецкіх танках на бульварах Парыжа, а ў Бэрліне плянавалі адкінуць Расею за Ўрал, у сыбірскую бяскрайнасьць, адкуль доўга не паявіцца на белы сьвет... Беларусі мела ўвогуле ня быць.

33. Апошняе

Цалкам сапсаваліся адносіны паміж беларусамі й палякамі ў 1939 і наступных гадох. Мала лепшымі зрабіліся яны й да расейцаў. Савецкая ўлада мела той чартоўскі талент, што паспрачала ўсіх з усімі. Прынцып клясавай нянавісьці як фундамэнт наступальнага камунізму ўчыніў з паляка крыважэрнага ворага тым лягчэй, што зьяўляўся ён тут пераважна панам, а з расейца — энкавэдоўскага рабаўніка, непаголенага й галоднага, які ўсю ноч будзе піць з табою ў тваёй хаце, каб раніцай выправіць цябе ў Сыбір, на гэтак званыя ,,белыя мядзьведзі”. Стан шызафрэніі ў гэтых суадносінах стварыла афіцыйная прапаганда Масквы, у якой поўныя вусны было дружбы да польскага рабочага й селяніна, калі на практыцы таго рабацягу перлі ў быдлячы вагон і, разам з жонкаю й дзеткамі, кіравалі ў гулагаўскія лягеры. Беларус мог страціць розум — любі паляка й ня вер яму, любі расейца ды бойся яго!