Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 6

Сакрат Яновіч

4. Залаты век

Уплывы Польскага Каралеўства ў Вялікім Княстве Літоўскім, вядома, нарасталі. Саюз дзьвюх дзяржаваў, замацаваны толькі асобаю польскага караля, якім мог быць ня хто іншы, як Вялікі Князь Літоўскі, раней ці пазьней мусіў давесьці да фэдэрацыі. Эпоха Ягайлавічаў працягнулася да 200 гадоў і набліжалася да канца. Сытуацыя партнэрства паміж Кракавам і Вільняй, так прыкметная пасьля Грунвальдзкай бітвы ды ў час княжаньня Вітаўта Вялікага зь ягонымі амбіцыямі на асобную манаршую карону, выразна пахіснулася ў бок замажнейшай Польшчы ў скарынінскую дэкаду дваццатых гадоў, закончаных знакамітым першым Статутам.

Акрамя эканамічных суадносінаў, некарысных больш адсталай старабеларускай Літве, радыкальна зьмянілася й палітычная канфігурацыя ў гэтым рэгіёне Эўропы. Зьнікла менавіта супольная небясьпека з боку татара-манголаў, у якіх Вітаўт адбіў ускраінныя землі з выхадам да берагоў Чорнага мора за Дзікімі Палямі, а крыжакі канчаткова капітулявалі, васальна падпарадкаваўшыся ў 1525 годзе перадапошняму зь Ягайлавічаў, Жыгімонту Старому. Палякі ўвайшлі ў гэтак званы Залаты век: правялі сельскагаспадарчую рэформу пад кіраўніцтвам славутае італьянкі — Боны; усталяваўся гарадзкі гандаль, грашовы й таварны абарот. А Літве ўвесь час вецер дзьмуў у вочы: вырас чарговы вораг, зь якім яна дагэтуль мала лічылася, а менавіта, Маскоўскае Царства. Дастаткова прыгадаць, што будаўніком яго стаў Іван Грозны, страшны для Вільні, але не для Кракава.

Стан безупыннай мабілізацыі сілаў, пры слабой гаспадарчай базе, на якую апіраўся ваенны высілак, давёў Вялікае Княства Літоўскае да поўнай залежнасьці ад польскай дапамогі. Гэта натуральным чынам выклікала й культурны заняпад у Беларускай Старонцы.

Пакуль Іван Грозны займаўся анэксіямі вакол Маскоўшчыны ды ў Вялікім Стэпе, Беларусь пасьпела ўчыніць самы доўгі тады крок наперад у сваім духоўным разьвіцьці. Сьвядомасьць уласнай высокай вартасьці ёсьць, несумненна, найпершай праявай усенароднай актыўнасьці ў сфэры культуры. Быццам бы пераклікаючыся з папулярным заклікам аднаго з пачынальнікаў польскай літаратуры, Мікалая Рэя, што толькі дурні не шануюць роднай мовы, у другім Статуце Вялікага Княства Літоўскага з 1566 году паявіўся асобны запіс, юрыдычная сіла якога абавязвала адміністрацыю пазьбягаць іншамоўя (відаць, усё часьцей і часьцей паяўляліся дакумэнты на латыні альбо ў пальшчызьне).