Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 41

Сакрат Яновіч

Лёгка можна заўважыць: у нармальным фармаваньні палітычнай і культурнай беларушчыны перашкодзіў як імпэрскі тэрор, гэтак і само разьмяшчэньне этнічнага арэалу Беларусі ўнутры царства, што не дапускала зацікаўленьня ім з боку мяжуючых з Расеяй Нямеччыны й Аўстра-Вэнгрыі. Трэба памятаць, што нават кароткае, бо ўсяго да 1807 году, знаходжаньне Беластоцкай акругі ў складзе Каралеўства Прусіі выклікала працэс беларускай самасьвядомасьці, у скарочаным варыянце названы „радзінай паповічаў” у структуры арганізаванай немцамі вуніяцкай Супраскай эпархіі. А пры нагодзе цікава заўважыць, што разгар нацыянальнага духу ў народаў, захопленых Расейскай Імпэрыяй у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, адбываўся не ад цёмнага ўсходу, але ад захаду: украінцы падалі свой голас не ў падрасейскім Кіеве, а ў падаўстрыйскім Львове; летувісы-у паднямецкім Тыльзыце ды ў Клайпэдзе, а беларусы — у Супрасьлі пад Беластокам, у цэнтры немалога на той час асьветніцка-культурнага маштабу... Гэта натуральнае, таму што самая ідэалёгія нацыянальнасьці ёсьць абуджэньнем уласных сілаў ды вызваленьнем з?пад чужое залежнасьці свайго лёсу дзеля лепшай будучыні.

Аднак варта зьвярнуць увагу таксама на іншы аспэкт агульнай сытуацыі ў дзяржаве, разьвіцьцё якой пайшло ў некарысным нашай Айчыне напрамку, у чым відаць — свайго роду парадаксальны — удзел і саміх беларусаў. На ўвазе маецца забойства ў 1881 годзе імпэратара Аляксандра ІІ, таго самага „цара-вызваліцеля”, якога сяляне ўшаноўвалі за ліквідацыю дзікага прыгону, а фактычна — рабства, калі пан меў права ўчыніць з мужыком ды яго сям’ёю абсалютна ўсё, што яму толькі задумалася. Аляксандраўскія рэформы паглыбляліся далей: гэты асьвечаны валадар імкнуўся далучыць Расею да эўрапейскага стандарту, разумеючы, што інакш пагражае ёй упадак. Так і здарылася: прайграная вайна з малой Японіяй у гадох 1904-1905, затым зь Нямеччынай і — як наступства гэтага — бальшавіцкі пераварот, ізаляцыя краіны ў сьвеце. Рыхтавалася канстытуцыйная манархія, добраахвотнае абмежаваньне сувэрэнам сваёй улады, утварэньне парлямэнту, паступовая дэмакратызацыя, прызнаньне народным нізам грамадзянскіх правоў... Ігнат Грынявіцкі, лідэр Беларускай партыі, сумесна з расейскімі ўтапістамі-сацыялістамі, страляючы ў гэтага інтэлігентнага манарха, несьвядома запыніў лібэралізацыю, уводзячы на царскі пасад алкаголіка й дэгенэрата Мікалая ІІ, а пасьля ягонай заўчаснай сьмерці — Мікалая ІІІ, асобу з мэнталітэтам акуратнага ўрадніка, але не палітыка ды ўдумлівага валадара.

Тады й пачалася нашаніўская пара, даўно насьпеўшая й таму так плённая. Як успамінаюць у сваіх запісах сучасьнікі, дзьверы ў рэдакцыю „Нашай Нівы” проста не зачыняліся ад безупыннага патоку наведвальнікаў. Людзі прыяжджалі ды прыходзілі здалёк пад яе віленскі адрас ня столькі дзеля таго, каб чагосьці дабіцца ў надакучлівай справе, але каб звычайна выгаварыцца, адвесьці душу. Падпісваліся на газэту на агромністай тэрыторыі, дзе толькі гаварылі па-беларуску: ад Чарнігаўшчыны да паўднёвых воласьцяў Латвіі, Латгаліі; ад Смаленшчыны да ўскраін Белавескай пушчы й Падляшша. Так сорак гадоў назад чыталі ды зачытвалі да дзірак „Мужыцкую Праўду” Кастуся Каліноўскага, некаторыя нумары якой даводзілася кансьпіратарам друкаваць па два разы — а можа й больш!