Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 32

Сакрат Яновіч

Як Адам Гурыновіч, гэтак і Альгерд Абуховіч нічога свайго арыгінальнага не надрукаваў пры жыцьці. А быў жа ён адукаванейшым творцам плеяды Белай Русі, чалавекам арыстакратычнага роду, грунтоўна азнаёмленым з эўрапейскай культурай, гадамі пражываючым на Захадзе, галоўным чынам у Жэнэве й Парыжы. Памёр у І898 годзе як сьціплы рэпэтытар гімназістаў у Слуцку. Чаму так сталася, што граф пайшоў у капейкавыя заробкі? Вялікапанская ягоная радня не магла сьцярпець, што атаесамліваўся ён зь беларускім людам, размаўляў і пісаў на ягонай мове. Беспардонна пазбавілі яго правоў да маёмасьці. Гэта ня быў надзвычайны інцыдэнт; няйначай адносіліся ў шляхоцкіх дамох і да Францішка Багушэвіча, і да Адама Гурыновіча, і да іншых. Кляса паноў пазбаўлялася адшчапенцаў, вызнаючы польскую нацыянальнасьць у канфлікце з расейскай, але ні ў якім выпадку — беларускую.

Альгерд Абуховіч граф Бандынэлі вёў досыць рэгулярны ды спакойны побыт у наёмнай слуцкай кватэры. Укамплектоўваў хатнюю бібліятэку. Перакладаў зь літаратураў: расейскай, польскай, нямецкай, францускай, свабодна валодаючы гэтымі мовамі. Запачаткаваў у беларушчыне жанр байкі, сярод якіх захаваліся Воўк і лісіца, Суд, Ваўкалак, Старшына, і верш Дума а Каралю XІ. У апошнія гады перад сьмерцю склаў мэмуары, успаміны. Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Альгерд Абуховіч — тройца веліканаў Русі маёй Белай. Усяго аднаму зь іх, менавіта, Багушэвічу пашанцавала выйсьці са сваімі кніжыцамі да чытаючай публікі, хоць удача гэтая папалове, бо пад таемнымі празыўкамі, накшталт: Сымон Рэўка з?пад Барысава. Выступіць у друку пад уласнымі імёнамі было б раўназначным суду й вязьніцы! Якая ж іншая літаратура цярпела такі зьдзек і перасьлед? І, нягледзячы на гэта, яна не замірала, расла ў моц й таленты. Паступова хілілася тая эпоха, калі па-беларуску чыталася нешта спадцішка, дастаўшы ад суседа ці то ананімную паэму Тарас на Парнасе, ці Энэіду навыварат, ці Гутарку Данілы са Сьцяпанам, альбо Гутарку пана з хлопам...

Век пары й электрычнасьці дыктаваў свае законы. Шырылася асьвета. Ва ўнівэрсытэты рушылася моладзь з?пад саламяных стрэхаў. Набліжалася ХХ стагодзьдзе, а зь ім, бы веснавыя воды, накочвалася магутная хваля беларускага адраджэньня. Багушэвіч і ягоныя спадзьвіжнікі прычакалі б 1905 году і першай легальнай беларускай газэты ў Вільні, і выдавецкай фірмы, і арганізацыяў — паўміралі ж яны не ад старасьці. Адзін Вінцук Дунін-Марцінкевіч завекаваў да 1884 году, калі жандары грамілі Беларускую партыю, лідэр якой, Ігнат Грынявіцкі, забіў цара Аляксандра ІІ.

19. Рунь

Разам з адыходам XIX стагодзьдзя ў гісторыю скончылася ў Беларусі татальная дамінацыя польскай культуры й мовы. Паншчынны двор, які быў апораю для ўсякіх паўстаньняў у імя аднаўленьня Рэчы Паспалітай, пераўтварыўся ў капіталістычны фальварак, заняты грашовымі прыбыткамі. У жыдоўскіх мястэчках, карпеючых у дробным гандлі, ды ў хілых рукадзельных мануфактурах паявіліся фабрычкі зь бізнэсам на ўсход і захад. Месца польскіх школак занялі расейскія. Адбылася зьмена культурнай арыентацыі — з Польшчы на Расею. У сярэднія навучальныя ўстановы пайшло пакаленьне дзяцей свабодных сялянаў, вядома, з багацейшых дамоў. Зьнікла двухмоўе ў беларускай літаратуры пачатку XX стагодзьдзя. Нейк так дзіўна склалася, што ў апошнія дзевяностыя гады вымерлі выдатныя паэты й празаікі, гадаваныя ў вялікапольскім духу, і таму існуючыя адначасна ў двух нацыянальных структурах. Час польска-беларускіх альбо беларуска-польскіх пісьменьнікаў завяршаўся разам са сьмерцю Францішка Багушэвіча, Адама Гурыновіча, Альгерда Абуховіча, а раней — Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, ня згадваючы пра меней значных.