Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 34

Сакрат Яновіч

Настала быццам бы зацішша. Беларуская літаратура ляжала ў рукапісах у шуфлядах сталоў, а магілы яе творцаў зарасталі травою па меры таго, як блізкая ім радня разьяжджалася па белым сьвеце. Ейныя прадаўжальнікі ўжо нарадзіліся, хадзілі вучнямі на заняткі, вырасталі ў кавалеры ды паненкі, ехалі студэнтамі ў Пецярбург. Вільня — як акадэмічны цэнтар — даўно заняпала, па славутым унівэрсытэце засталіся адны ўспаміны. Усенька інтэлігентнае, з жывым розумам, кіравалася ў сталіцу імпэрыі. У ёй гэта, а не ў віленскіх мурох, мела акрыяць ідэя Беларусі. Нешта пісаў пакрыёму юнак Іван Луцэвіч, будучы Янка Купала. Практыкаваўся ў вершапісаньні Кастусь Міцкевіч, стаўшы потым Якубам Коласам. Паступіў у гімназію ў далёкім Яраслаўлі, што на Волзе, без пары сталеючы, Максім Багдановіч. Высьпявала гэтая трыяда на зоркі першай велічыні: Купала, Колас, Багдановіч. Праміне яшчэ толькі дзесяць гадоў і засьвецяцца яны бляскам цуду найчысьцейшае красы, якой даўно не было на зямлі Русі Белай. Так бы мовіць — зрабілася цішыня перад вялікай бурай.

Страшна робіцца, калі падумаць, што спатрэбілася больш за цэлае стагодзьдзе, пакуль зьявіліся беларускія кніжкі й часопісы, арганізацыі й партыі — усё тое, што неабходнае дзеля нармальнага функцыянаваньня нацыі. А былі ж у старажытнай Беларусі друкарні, эліты, свая дзяржава й пачуцьцё Айчыны. Страціць лягчэй, чым вярнуць. Прасьцей служыць камусьці, чым працаваць на ўласным. Нявольнік, які памятае няволю, ніколі не адчуе сябе цалкам свабодным. Таму невыпадкова ўзьнялі беларускую культуру да самых вышыняў тыя яе дзеячы, якія прыйшлі ў жыцьцё, маючы за бацькоў ужо вольных людзей, забыўшых пра паншчыну, рабства й зьдзек. У іх не было страху, які адбірае энэргію, забівае веру ў свае магчымасьці.

20. Рост

Беларуская культура ў сваіх нацыянальных праявах на працагу XIX cтагодзьдзя пульсавала, так бы мовіць, фрагмэнтарна, спарадычна. Не сфармаваўся тады сталы яе цэнтар ні ў краёвым падпольлі, ні за кардонам, як здарылася тое, напрыклад, у літоўцаў, якія мелі апору ў літоўскамоўнай паласе Ўсходняй Прусіі, ці ў выпадку ўкраінскага руху, што разгортваўся, дзякуючы падтрымцы аўстрыйскіх уладаў, якія бачылі палітычную карысьць для сябе ва ўкраінізацыі Галіччыны. Нягледзячы на заглушанасьць беларушчыны й абсалютную незаціўкаленасьць ёю тагачаснай эўрапейскай палітыкай, паступова нарастаў унутраны патэнцыял. Маецца тут на ўвазе ня толькі літаратурная творчасьць: паэзія Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, драматургія Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, кніжкі з палітычным ужо падтэкстам Францішка Багушэвіча й цэлае плеяды іншых, у тым ліку й спадчыну графа Бандынэлі. Акрамя культурнай субстанцыі, узьнікла й свая палітычная думка, падставы дзеля якое даў, несумненна, Кастусь Каліноўскі, паўстанцкі дыктатар, але й мысьліцель, філёзаф. Гэты заядлы вораг шляхотчыны, хаця сам ён быў шляхоцкага роду, стаўшы патрыётам Белай Русі, знакаміта разумеў, што панскі двор бязьлітасна калянізуе яе й пазбаўляе ўласнае, беларускае душы (як гэта найчасьцей назіраецца ў дзейнасьці калянізатараў ва ўсім сьвеце). Стаўку на селяніна рабіла славутая „Народная Воля” ды ўтвораная ў яе рамках Беларуская партыя, узначаленая Ігнатам Грынявіцкім, пасьлейшым забойцам імпэратара Аляксандра ІІ. Калі тайны дыктатар Студзеньскага паўстаньня ў Беларусі й Літве быў даволі адзінокім у сваіх высакародных памкненьнях, дык нарадавольцы, дзейнічаючы на адну эпоху пасьлей, у васьмідзесятыя гады, былі ў стане пайсьці значна далей за Кастуся Каліноўскага, ствараючы ідэю Беларускага Народу й Беларускае Дзяржавы. І хоць паліцэйская контрразьведка хутка разграміла — у 1884 годзе — патаемны часопіс „Гоман”, заснаваны пасьлядоўнікамі Ігната Грынявіцкага, то аднак гэтае выданьне адыграла куды важнейшую ролю ў разьвіцьці беларускага руху, чым адналістовая газэтка каліноўшчыкаў пад загалоўкам „Мужыцкая Праўда”, сарыентаваная на стымуляваньне сацыяльнага выбуху ў краі ў адпаведнасьці са стратэгіяй сялянскай вайны ва ўсёй імпэрыі. І гэта зразумела, бо ў тыя шасьцідзесятыя гады яшчэ існавала, досыць архаічная, грамадзка-палітычная сытуацыя ў цяні ўсё тае ж даўняе Рэчы Паспалітае. А ў часы „гоманаўцаў” зьявілася інтэлігенцыя, якая не разважала катэгорыямі добрага пана, бо сама яна паходзіла з хатаў ды местачковых камянічак. Так нарадзілася нацыя, якой ніколі не бываць у фэадалізьме (баярскую Белую Русь праглынула з патрахамі шляхоцкая Польшча, як, напрыклад, чэская дзяржава пераўтварылася ў нямецкую).