Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 31

Сакрат Яновіч

Пісьменьнікам учыніў яго — трэба думаць — якраз Францішак Багушэвіч сваёй Дудкай беларускаю. Пісаць пачаў Адам Гурыновіч вершам Да Мацея Бурачка (пад такім псэўданімам выступіў — як ведаем — Францішак Багушэвіч). Ці зналіся яны асабіста? — цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё — не: у беларускай літаратурнай творчасьці абавязвала зразумелая засакрэчанасьць, боязь!

Калі б лёс адпусьціў Адаму Гурыновічу больш часу, праўдападобна, іначай выглядала б наша дзевятнаццацівечча. Пісьменства наша тады не было б такім аднабаковым, сацыяльным з палітычнай накіраванасьцю. Пакінуў нам у спадчыну лірыкі Бор, Вясна, элегію Сьцямнела на двары і ціха кругом... Пераклады, зробленыя ім з творчасьці Аляксандра Пушкіна, Івана Крылова, Мікалая Някрасава, Льва Талстога, Адама Міцкевіча, Элёйзы Ажэшкі, Яна Каспровіча мелі небанальнае значэньне, бо выводзілі прыніжаную мову ў лік роўных з расейскай і польскай — аказалася, загаварылі на ёй вялікія аўтары; яе лексыка была настолькі багатай, каб перадаць сусьветныя шэдэўры. Гэта быў пералом, які, на жаль, ня меў уплыву на творчае асяродзьдзе, пазбаўленае друкаванага воргана. Падобныя зьдзяйсьненьні адначасна рэалізаваў выдатны сябар Францішка Багушэвіча, равесны яму Альгерд Абуховіч з роду італьянскіх графаў Бандынэліх, беларускамоўныя тэксты якога распаўсюджваліся толькі ў рукапісах. Здавалася б, маглі тыя высокаінтэлігентныя людзі дадумацца выдаваць нейкі часопіс па-беларуску, дамовіўшыся з тыпаграфіяй у нямецкім Познані альбо ў аўстрыйскім Кракаве, куды не сягалі шчупальцы расейскай палітычнай паліцыі... Пэўна няраз задумваліся яны над тым; аднак дзеля гэткай ініцыятывы спатрэбілася б нямала грошай, якіх у іх не знаходзілася, а спонсараў не было відаць, бо не было й капіталу ў беларускіх дамох, існуючых зазвычай на скраі беднасьці. Аднак фінансавых сродкаў у такой сытуацыі, дарэчы, таксама яшчэ замала — неабходная добра прадуманая падпольная арганізацыя дзеля распаўсюджваньня. Такая, праўда, зьявілася на кароткі міг, — гэта народніцкая Беларуская партыя, але яе, па-аматарску заснаваную, неўзабаве зьнішчыла імпэрская контрразьведка, гэтак званая „Охрана”. Усе акалічнасьці — матэрыяльныя й духоўныя — не спрыялі дынамізацыі руху беларусаў. Кніжыцы Багушэвіча распаўсюджвала Польская Сацыялістычная партыя, якая мела ў гэтым свой інтарэс, не заўсёды сугучны інтарэсам Беларусі. Моцна рызыкаваў Багушэвіч, але, відавочна, нейк камбінаваў на выпадак правалу, сам будучы адвакатам па прафэсіі...