Читать «Пад знакамі Арла й Пагоні» онлайн - страница 14

Сакрат Яновіч

Паявілася ў тую пару шмат мэмуараў, успамінаў зь перажытага. Ян Цадроўскі з Пагоста ці Самуіл Маскевіч з Сэрвача, што каля Карэлічаў, пакінулі маляўнічыя праўдзівыя апісаньні. Адораныя літаратурнымі здольнасьцямі, засталіся ў нашай гісторыі як польскамоўныя аўтары. Гэтыя ды іншыя змагары за ўтрыманьне Вялікага Княства Літоўскага прэзэнтавалі сабою адметныя індывідуальнасьці, якім сардэчна балела душа, калі бачылі ўпадак Бацькаўшчыны. Іх варта перакладаць сёньня на беларускую мову, каб далучаць новыя імёны, запушчаную спадчыну да сучаснай нацыянальнай сьвядомасьці.

Старабеларускае слова ўпарта не выходзіць з культурнага ўжытку да самага канца бурлівага веку. Яно ярка праявіцца ў знакамітых сатырах, як у Прамове Мялешкі альбо ў грамадзка-палемічным Лісьце да Абуховіча. Знамянальнае тое, што служыць ужо не рэлігійнай тэматыцы, а сьвецкай, чыста палітычным мэтам.

9. Катастрофа

Няма патрэбы асабліва прыгадваць тую праўду, што XVII стагодзьдзе прынесла Вялікаму Княству Літоўскаму страшэнную катастрофу, зь якой яно ніколі не паднялося. Швэдзкая акупацыя не была такой грабежніцкай, як маскоўская. У культуры закончылася ўсё поўным заняпадам: былі разагнаныя школы, спаленыя бібліятэкі, зруйнаваныя друкарні, узятыя ў палон і вывезеныя майстры ды вучоныя. У 1686 годзе Рэч Паспалітая падпісала з Масквою гэтак званы Вечны мір, цана якога аказалася высокая (між іншым, давялося адрачыся ад Смаленшчыны й паўночнае паласы Белай Русі, ня кажучы ўжо пра падзел Украіны й перадачу Кіева). Непараўнальна менш было разрабаванае Каралеўства Польскае, па якім прайшоўся толькі адзін акупант, і пры тым не такі дзікі. У асноўным захавала яно свой цывілізацыйны патэнцыял і магло памагаць сфэдэралізаванай зь ім Літве ў адбудове гаспадаркі ды адміністрацыі. Гэта фактычна й завяршыла вядомую нам палянізацыю баярскага народу (сялянскі элемэнт не лічыўся як нешта важнае). Нельга забываць і пра яшчэ адзін істотны фактар згаданага працэсу: царскія дыпляматы ў перамовах дамагліся запісу ў трактаце наконт заступніцтва Масквы за праваслаўнымі ў Рэчы Паспалітай, што на практыцы ўчыніла зь іх падазроную ў дзяржаўнай неляяльнасьці стыхію. У такім псыхалягічна-палітычным становішчы грамадзянскі давер і кар’ера гарантаваліся, як няцяжка здагадацца, выключна дзеячам каталіцкага веравызнаньня, нават не вуніятам. Царква была пераўтвораная ў інструмэнт інтрыгаў і дывэрсіяў супроць Варшавы, што не магло не давесьці да хуткае яе дэградацыі ў жыцьці Рэчы Паспалітай, як сілы, за якою стаіць варожая дзяржава. Ня дзіва, што неўзабаве зьніклі апошнія праваслаўныя роды вяльможаў: выратоўваючы свае пазыцыі, яны перахрышчваліся.