Читать «Пад страхам смерці» онлайн - страница 5

Жорж Сімэнон

Нікога ў доме. Вокны і дзверы ў сад — зачыненыя.

— Кошка, мусіць, прабралася ў дом праз якую-небудзь дзірку, — кажа Мэгрэ.

— Няма ў нас ніякіх дзірак…

Усе вяртаюцца на кухню. Жулі адчыняе шафу.

— Можа, наліць вам чаго-небудзь выпіць? — пытаецца ў Мэгрэ Жулі.

Менавіта цяпер, у звычайным гаспадарчым клопаце, наліваючы лікёр у маленькія чарачкі, аздобленыя маляванымі кветачкамі, яна адчула асабліва востры адчай і заплакала.

Яна ўпотайкі кідае позірк на капітана, які спакойна сядзіць у крэсле. Ёй цяжка глядзець на свайго гаспадара, і яна адварочваецца ад яго і лапоча, каб хоць крыху забыцца:

— Я падрыхтую вам пакой…

І зноў плача. Здымае са сцяны белы фартух і выцірае слёзы.

— Я спынюся лепш у гатэлі, — кажа камісар. — Тут ёсць які-небудзь гатэль?

Жулі глядзіць на маленькі насценны гадзіннік — такія звычайна выйграюць на кірмашах. Ціканне яго вельмі натуральна ўпісваецца ў патрыярхальнасць дома.

— Але, ёсць, — адказвае дзяўчына. — Цяпер там яшчэ не спяць. Гэта па той бок шлюза, якраз непадалёк ад шынка, што вы бачылі.

Аднак відаць, што ёй не хочацца адпускаць яго. Пэўна, яна баіцца застацца адна з капітанам, бо і зірнуць цяпер на яго не асмельваецца.

— Вы думаеце, у доме няма нікога чужога? — пытаецца яна.

— Вы ж самі бачылі.

— Вы прыйдзеце заўтра раніцай?

Яна праводзіць яго да дзвярэй — і адразу ж зачыняецца. Туман такі густы, што Мэгрэ не ведае, куды ісці. Але брамку ўсё ж такі знаходзіць. Выйшаўшы з саду, ён адчувае спачатку, што ідзе па траве, пасля выходзіць на брук. Удалечыні чуваць нейкі гук, але нельга зразумець, што гэта такое.

Гук падобны на мычанне каровы, але нейкі роспачны.

— Во дзе дурань! — кажа раптам сам сабе Мэгрэ. — Гэта ж карабельны сігнал, на туман…

Камісар дрэнна арыентуецца. Далёка ўнізе, пад нагамі, ён бачыць ваду — яна дыміцца. Мэгрэ і не ведае, што стаіць на сцяне шлюза. Недзе скрыпяць дзержакі. Камісар не памятае, у якім месцы яны пераехалі канал, і, убачыўшы вузенькі масток, ужо мерыцца ступіць на яго.

— Асцярожна! — чуе ён голас.

Ну і ну! Голас зусім побач, Мэгрэ здаецца, што ён тут зусім адзін, а за тры метры ад яго, аказваецца, стаіць чалавек. Толькі пільна ўгледзеўшыся, Мэгрэ распазнае сілуэт.

Камісар адразу ж разумее перасцярогу: масток, на які ён ужо ледзь не ступіў быў, апускаецца. Гэта вароты шлюза. Неўзабаве відовішча робіцца яшчэ больш фантасмагарычнае: побач, за некалькі метраў ад Мэгрэ, узнікае ўжо не постаць чалавека, а сапраўдная сцяна вышынёю з добры дом. Уверсе, над сцяною — цьмяныя агеньчыкі.

Зусім побач з камісарам, як выцягнуць руку, праплывае параход! Падае швартоў, хтосьці падымае яго, цягне да кнехтаў і замацоўвае.

— Назад!.. Асцярожна! — зноў крычыць нехта, ужо на капітанскім мастку.

Яшчэ хвіліну назад усё навокал здавалася мёртвым, пустынным. А цяпер, ідучы ўздоўж шлюза, Мэгрэ прыкмячае, што ў тумане рухаюцца чалавечыя постаці. Хтосьці круціць дзяржак, нехта цягне другі швартоў. Таможнікі чакаюць, пакуль з борта спусцяць трап.

І ўсё гэта людзі робяць, лічы, усляпую.