Читать «Пад страхам смерці» онлайн - страница 6

Жорж Сімэнон

Мэгрэ дакранаецца да вусаў — на іх цяжкія кроплі вільгаці.

— Хочаце перайсці? — крычыць яму зноў нехта.

Голас зусім побач з камісарам — Мэгрэ стаіць цяпер каля другіх варотаў шлюза.

— Давайце хутчэй, а то прыйдзецца чакаць хвілін пятнаццаць.

Мэгрэ пераходзіць, трымаючыся за парэнчы. Пад нагамі бурліць вада, а ўдалечыні гэтаксама, як і раней, чуецца роспачны гудок. Чым далей праходзіць наперад Мэгрэ, тым больш узнікае ў тумане постацей, тым жвавей віруе ў порце загадкавае жыццё. Увагу камісара прыцягвае недалёкі агеньчык. Мэгрэ падыходзіць бліжэй і ў прывязанай да пірса лодцы бачыць рыбака, які апускае і падымае вялікія сеткі, прымацаваныя да жэрдак.

Рыбак кідае на камісара абыякавы позірк і зноў пачынае разбіраць у сваім кашы дробную рыбу.

Побач з параходам трохі святлей. Відаць, як на палубе ходзяць людзі. На мастку ангельская гаворка. На краі пірса мужчына ў форменнай фуражцы візіруе дакументы.

Начальнік порта. Чалавек, які замяняе цяпер Жарыса.

Як і той, гэты мужчына невысокага росту, але худзейшы і рухавейшы. Ён перакідваецца жартамі з афіцэрамі на караблі.

Увогуле, свет цяпер раздзелены для Мэгрэ на дзве часткі: некалькі адносна светлых квадратных метраў порта і бясконцая цемра, у якой угадваюцца абрысы сушы і мора, што ледзь чутна шуміць злева.

Ці не ў такі вось вечар знік з Вістрэама Жарыс? Пэўна, ён правяраў дакументы, як гэта робіць цяпер яго калега, гэтаксама жартаваў, сачыў за шлюзам, за манеўрам судна. Бачыць нешта ў гэтым тумане яму не трэба было: ён выдатна арыентаваўся па прывычных гуках. У порце звычайна ніхто і не глядзіць сабе пад ногі, калі ідзе.

Мэгрэ распальвае люльку і хмурыцца: яму непрыемна адчуваць сябе тут няўклюдным, нязграбным сухапутнікам, якога палохае і хвалюе ўсё, што мае дачыненне да мора.

Вароты шлюза адчыняюцца. Судна выходзіць у канал, толькі троху вузейшы за Сену ў Парыжы.

— Прабачце, вы — начальнік порта? Камісар Мэгрэ з крымінальнай паліцыі… Я толькі што прывёз дадому вашага калегу.

— Жарыса?.. Значыць, гэта праўда ён?.. Сёння раніцай мне расказвалі… Праўда, што ён?.. — кранае начальнік порта пальцам скроню.

— У гэты момант… Звычайна вы ўсю ноч праводзіце ў порце?

— Не, не больш пяці гадзін запар: толькі ў прыліў. У гэты час узровень вады даволі высокі, каб судны маглі ўвайсці ў канал або выйсці ў мора. Час прыліву непастаянны… Сёння, напрыклад, ён толькі што пачаўся і закончыцца недзе а трэцяй гадзіне ночы…

Чалавек трымаецца проста, размаўляе з Мэгрэ як з роўным: урэшце ён — такі ж самы чыноўнік на службе.

— Прабачце…

Ён глядзіць у мора, дзе і не відаць нічога, аднак адразу ж аб'яўляе:

— Паруснік з Булоні. Ашвартаваўся каля пірса, чакае, калі адкрыюць шлюз.

— Вам паведамляюць пра судны, якія прыбываюць?

— Часцей паведамляюць. Асабліва пра параходы. Амаль усе яны ходзяць па раскладзе: з Ангельшчыны вязуць вугаль, з Кана — руду…

— Давайце пойдзем вып'ем чаго-небудзь, — прапануе Мэгрэ.

— Пакуль не магу: мушу быць тут да канца прыліву…

Начальнік порта аддае каманды падначаленым, якіх не бачыць, але хто з іх дзе, ведае выдатна.

— Вы расследуеце справу Жарыса?