Читать «Пад страхам смерці» онлайн - страница 4

Жорж Сімэнон

— Не памятаю, ці замкнула я садовую брамку, — шэпча яна. Відаць, яе ўжо адольваюць розныя гаспадарчыя клопаты.

Выязджаючы з горада, машына літаральна ўразаецца ў сцяну туману. Шафёр прытарможвае. Але ўсё роўна перад самым носам узнікаюць раптам, быццам здані, конь і павозка. Паабапал дарогі — прывідныя дрэвы, дамы…

Прыходзіцца ехаць яшчэ цішэй. Машына ўжо ледзь паўзе: дзесяць кіламетраў у гадзіну. Ды зноў з туману раптам выскоквае нехта на ровары — і ледзь не пад колы. Спыніліся. Усё абышлося добра.

Машына ўязджае ў Вістрэам. Жулі апускае шкло.

— Едзьце да порта, — кажа яна шафёру, — пасля будзе развадны мост, за ім і дом — каля маяка.

Ад гарадка да порта — з кіламетр шашы, абапал якой — бледныя светлячкі газавых ліхтароў. Каля моста ўбачылі святло ў нейкім вялізным акне, пачулі шум.

— Шынок «Марацкі прытулак», — растлумачыла Жулі. — Тут партавікі бавяць звычайна час.

За мостам шашы, лічы, ужо няма — дарога губляецца ў балотах, што падступаюць да самага берага рэчкі Орны.

Тут увогуле нічога няма, апроч маяка і двухпавярховага доміка з невялікім садам.

Таксі спыняецца. Мэгрэ назірае за Жарысам, які выходзіць сам з машыны і ўпэўнена кіруецца да брамкі.

— Бачыце, пан камісар! — ускрыквае Жулі. Яна ажно дрыжыць ад радасці. — Ён пазнаў дом! Я проста ўпэўнена, што ўрэшце ён ачуняе.

Яна ўстаўляе ключ у замок, адчыняе брамку — тая скрыпіць — ідзе па гравійнай сцежцы. Мэгрэ плаціць шафёру, даганяе Жулі. Таксі ад'язджае, і ўсё навокал тоне ў цемры.

— Запаліце, калі ласка, сярнічку! Не магу ніяк трапіць у замок…

Успыхвае запалка. Жулі адчыняе дзверы. Пад нагамі ў Мэгрэ прабягае нешта цёмнае. Жулі, якая ўвайшла ўжо ў калідор, запальвае святло, здзіўлена глядзіць на падлогу, шэпча:

— Гэта ж кошка выскачыла, здаецца?

Прывычна здымае капялюш і паліто, вешае, адчыняе дзверы кухні, запальвае там святло, міжволі паказваючы гэтым, што менавіта на кухні прымаюць гасцей у доме.

Кухня — прасторны пакой з выкладзенымі керамічнаю пліткаю сценамі, нашараваным пяском вялікім драўляным сталом. Паўсюды зіхацяць начышчаныя да бляску рондалі.

Капітан прывычна ідзе да плеценага крэсла каля печкі, садзіцца.

— Я ж, здаецца, калі ад'язджала, выпусціла кошку, — кажа Жулі сама сабе. Відаць, што яна занепакоеная. — Але, вядома… Усе дзверы зачыненыя… Пан камісар, калі ласка, давайце пройдзем разам па пакоях… Мне адной страшна…

Жулі такая напалоханая, што ледзь асмельваецца ісці першая.

Адчынілі дзверы ў сталовую. Ідэальны парадак. Паркет і мэбля — што люстра. Піяніна. Фарфор, прыгожыя кітайскія лакіраваныя цацкі, прывезеныя, пэўна, капітанам з Далёкага Ўсходу. Здаецца, гэтым пакоем ніколі не карысталіся.

— Гляньце, калі ласка, за шторамі, — просіць Жулі.

Пасля — гасцёўня. Мэбля тут расстаўлена ў тым самым парадку, у якім стаяла ў краме, дзе куплялася. Капітан ідзе за імі, яўна задаволены. Яны падымаюцца па засланай чырвоным дываном лесвіцы. Наверсе — тры пакоі, адным з якіх зноў-такі, відаць, не карыстаюцца.

І ўсюды — ідэальная чысціня, бездакорны парадак. Прыемна пахне вёскаю і кухняю.