Читать «Пад страхам смерці» онлайн
Жорж Сімэнон
Жорж Сімэнон
Пад страхам смерці
Сіменон Ж. Пад страхам смерці. Раман, аповесці: 3 фр./ Пер. з фр. А. Асташонак; Уклад, і прадм. Л. Казыры.— Мн.: Маст. літ., 1992.—365 с.— (Б-ка замеж. прозы).
Порт у тумане
I. Кошка ў доме
Калі а трэцяй гадзіне дня яны ад'язджалі з Парыжа, яшчэ свяціла няшчодрае восеньскае сонца. Не паспелі даехаць да Манту, як у купэ запалілі лямпы. А калі мінулі Эўрэ, за акном была ўжо цемрадзь. Нарэшце запацелае шкло аблажыў такі густы туман, што ў ім танулі нават чыгуначныя агні.
Уладкаваўшыся ямчэй у куце, Мэгрэ прытуліў галаву да сцяны і, прыплюшчыўшы вочы, машынальна назіраў за двума пасажырамі насупраць — такімі непадобнымі адно да аднаго.
Капітан Жарыс спіць. Парык з'ехаў набок — відаць яго абсалютна голы, што тое калена, чэрап. Гарнітур памяты.
А Жулі, склаўшы рукі на сумачцы са штучнай, пад кракадзілавую, скуры, стараецца, нягледзячы на стомленасць, захоўваць задуменны выгляд.
Камісар крымінальнай паліцыі Мэгрэ прывык, што ў яго жыццё віхурай урываюцца незнаёмыя людзі, цэлымі днямі, тыднямі, месяцамі патрабуюць пільнай увагі, а пасля зноў знікаюць у безаблічным натоўпе.
Пад стук колаў мерна цякуць яго думкі, заўсёды адны і тыя самыя ў пачатку кожнай новай справы. Якая яна будзе гэтым разам: агідная ці трагічная, заінтрыгуе ці не?
Мэгрэ глядзіць на Жарыса, ледзь прыкметна ўсміхаецца. Дзіўны чалавек! На набярэжнай Арфэўр яго пяць дзён называлі — «гэты чалавек», нават імя не ўдавалася высветліць.
Падабралі яго на Вялікіх бульварах — кінулася ў вочы, як ён кідаўся то ўзад, то ўперад у патоку аўтобусаў і легкавых машын. Загаварылі з ім па-французску. Ні слова адказу. Паспрабавалі распытаць яго на сямі ці васьмі мовах. Зноў маўчанне. Мігаў глуханямых таксама не зразумеў.
Вар'ят? У кабінеце Мэгрэ яго абшукалі. Гарнітур, бялізна, чаравікі — усё на ім было новае. Усе меткі з адзежы зрэзаны. Ні дакументаў, ні кашалька. Але ў адной кішэні — пяць зусім новенькіх купюр па тысячы франкаў.
Невясёлы, нічога не скажаш, пачатак расследавання! Пошукі ў службовых журналах, у антрапаметрычнай картатэцы. Тэлеграмы ва ўсе канцы Францыі і за мяжу. А «гэты чалавек», як ні мучаюць яго надакучлівымі допытамі, толькі лагодна ўсміхаецца з раніцы да вечара!
На выгляд яму гадоў пяцьдзесят. Каржакаваты карантыш. Ніякіх прыкмет неспакою або незадаволенасці не выказвае. Усміхаецца, і ўсё. Іншы раз, праўда, здаецца, намагаецца нешта ўспомніць, але надоўга яго не хапае. Страта памяці? Знялі парык і ўбачылі: не далей як два месяцы назад чэрап чалавеку раскавяліла куля.
Дактары ў захапленні ад хірургавай працы: нячаста даводзіцца сустракацца з гэтакім майстэрствам!
Новыя тэлеграмы ў шпіталі і клінікі Францыі, Бельгіі, Германіі, Галандыі…
Праходзяць пяць дзён карпатлівага пошуку. Вынікі аналізу плямаў на адзежы і пылінак у кішэнях бянтэжаць.
Знойдзена рэштка высушанай і скрышанай трасковай ікры, якую апрацоўваюць гэтакім чынам на поўначы Нарвегіі і выкарыстоўваюць як прынаду пры лоўлі сардзін.
Выходзіць, што «гэты чалавек» — адтуль? Можа, скандынаў? Некаторыя прыкметы паказваюць на тое, што ён зрабіў доўгае падарожжа па чыгунцы. Але як мог ён ехаць адзін — без'языкі. перапалоханы недарэка, які адразу звяртае на сябе ўвагу?