Читать «Пад страхам смерці» онлайн - страница 3
Жорж Сімэнон
Яшчэ адзін прыпынак у Кане, пасля — Вістрэам.
«У гэтым гарадку каля тысячы жыхароў, — сказаў камісару адзін саслужывец, родам з тых мясцін. — Порт невялікі, але важны, бо звязаны з Канам каналам, па якім праходзяць караблі ў пяць тысяч тон і болей».
Мэгрэ не спрабуе ўявіць сабе гэты гарадок. Ён ведае па вопыце, што ўсё роўна памыліцца. Пакуль што ён проста едзе туды, і позірк яго раз-пораз падае на парык, якім прыкрыты ўсё яшчэ ружовы шрам.
Да таго, як капітан знік, у яго былі густыя, вельмі цёмныя валасы з ледзь прыкметнай сівізною на скронях. Яшчэ адна прычына адчаю Жулі: яна бачыць не можа гэты голы чэрап! І кожны раз, калі парык спаўзае, яна спяшаецца паправіць яго.
«Я так думаю, што яго хацелі забіць», — сказала Жулі ў кабінеце.
У яго стралялі, гэта факт! Але потым давялі да ладу такія выдатныя дактары…
Калі ён знік, грошай пры ім не было. А знайшлі яго з пяццю тысячамі франкаў у кішэні!
Ёсць над чым падумаць.
А тут яшчэ Жулі адкрывае раптам сумачку.
— Зусім забылася! Я прывезла карэспандэнцыю гаспадара.
Пошта не дужа багатая. Праспекты фірм, якія гандлююць марацкімі таварамі, квітанцыя на ўплату сяброўскіх унёскаў у прафсаюз капітанаў гандлёвага флоту… Паштоўкі ад сяброў, якія яшчэ плаваюць, адна — з Пунта-Арэнас…
Ліст з Нармандскага банка ў Кане. Бланк запоўнены на машынцы:
«…маем гонар паведаміць вам, што праз пасрэдніцтва Нідэрландскага банка ў Гамбурзе на Ваш рахунак 14 173 пераведзена сума ў 300 000 франкаў».
А Жулі ўжо колькі разоў казала, што капітан небагаты! Мэгрэ глядзіць па чарзе на абаіх спадарожнікаў.
Трасковая ікра… Гамбург… Чаравікі нямецкай вытворчасці…
Адзін толькі Жарыс мог бы ўсё растлумачыць! Жарыс, які шырока і зычліва ўсміхаецца, як толькі прыкмячае, што Мэгрэ глядзіць на яго.
— Кан. Цягнік ідзе да Шэрбура. Пасажыры на Вістрэам Ліён-сюр-Мэр, Люк…
Сем гадзін вечара. Туман такі густы, што святло ліхтароў на платформе ледзь прабіваецца праз яго малочную заслону.
— Чым цяпер паедзем? — пытаецца Мэгрэ ў Жулі, прабіраючыся праз шчыльны натоўп пасажыраў.
— Больш няма чым. Цяпер прыгарадны ходзіць толькі два разы на дзень.
Каля вакзала стаяць таксі, можна садзіцца. Але Мэгрэ хоча есці. Ён не ведае, што чакае яго ў Вістрэаме, і прапануе Жулі павячэраць у буфеце.
Капітан Жарыс усё такі ж памяркоўны. Есць усё, што яму даюць, усё роўна як паслухмянае дзіця. Нейкі чыгуначнік круціцца каля іх стала, разглядвае Жарыса, пасля пытаецца ў Мэгрэ:
— Ці не начальнік гэта вістрэамскага порта?
І круціць пальцам каля скроні. Мэгрэ ківае, і той адыходзіць. Відаць, яму нялёгка паверыць у тое, што ён бачыць.
А Жулі ўсё незадаволеная:
— Дванаццаць франкаў за гэтакую вячэру! Дый згатавана не на масле. Нібыта нельга было павячэраць дома…
Мэгрэ думае: «Стрэл у галаву… Трыста тысяч франкаў…» Ён пільна ўзіраецца ў нявінныя вочы Жарыса — разгледзець бы ў іх, якая такая загадка за ўсім гэтым…
На вакзале да іх пад'язджае таксі — старая прыватная машына. Рысоры бязбожна скрыпяць. Мэгрэ і яго спадарожнікі з цяжкасцю ўмяшчаюцца на прамятым сядзенні. Жулі сядзіць паміж мужчынамі, і яны ўвесь час навальваюцца на яе.