Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 9
Алесь Жук
Сцяпан не даў секчы алешнік. Жоглу ўгаварыў, і той сваёй міліцэйскай уладаю таксама заступіўся. Цяпер таму і стаяць дрэвы, ёсць пад вёскаю азерца.
Тады пра яго не думалі, яно не надта і патрэбна было — цякла рэчка, і пакупацца, і рыбы злавіць можна было схадзіць на яе. Цяпер толькі возера асталося.
Паўз алешнік Сцяпан выйшаў за крайнія хаты, да сажалкі, у якой паілі кароў. Ад сажалкі згорблена патупала дадому старая Аўдоця. Да каштана, што рос пры вугле Аўдоцінага плота, быў прывязаны крыж, які некалі стаяў у пачатку вёскі. Такія крыжы пасля вайны стаялі ў кожнай вёсцы. Крыж гэты падгніў, упаў, так і ляжаў пад плотам паўз дарогу, ніхто не адважыўся забраць на дровы, спаліць ці пасекчы. Пасля таго як памёр Аўдоцін Антось, яна падняла крыж і прывязала дротам да каштана.
Канчаўся ранішні Сцяпанаў абход. Даўні абход, які ён рабіў з таго часу, калі стаў старшынёй калгаса. Тады Альховыя Крыніцы былі калгасам. Тут ён прарабіў усё жыццё, не перапыняючыся, толькі два разы перапынак быў. Першы, калі выходзіў асколак, другі, калі, ратуючы калгасную карову ў балоце, прастудзіўся і моцна захварэў на запаленне.
Цяпер не было чаго хадзіць, ён гэта ведаў, але не мог перасіліць сябе. Стараўся, каб яго менш і бачылі гэтаю парою.
Дзямідчык ужо заварочваў у вуліцу, калі ў крыніцы пачуў лесніковага сабаку. Той забрахаў люта, усё роўна як мядзведзя ўгледзеў, і аж задыхаўся ад лютасці і хрыпу — гэтак на нешта брахаў. Сцяпан прыслухаўся. Сабака не адступаўся — аж зямлю драў, ваяваў з некім.
Яго адзінокі і такі заклапочаны брэх разносіўся па ўсім наваколлі. Недзе з другога канца вёскі сабаку адгукнуўся певень. I адтуль жаночым голасам гукнулі нараспеў: каровы выганяй!
Рыжы гладкі леснікоў сабака аж захліпаўся, зрываўся на шчанячы віск, гроб зямлю і кідаўся на невялікага рудога звера, які зацята паварочваўся насустрач сабачым наскокам. I тады сабака адкочваўся назад, нібы каб набраць разгону і кінуцца ў новую атаку, заходзіўся брэхам. Калі ён заўважыў Сцяпана, забрахаў, аж зацекаючыся, яшчэ мацней гроб зямлю і ўжо азіраўся на Сцяпана, быццам пытаўся: што гэта такі за звер сустрэўся яму на сваіх агародах, дзе ён вырас змалку, дзе ведаў усё, кожны кусцік.
— Пайшоў вон, дурань!
Сцяпан падняў груду зямлі і замахнуўся на сабаку. Той не чакаў такога павароту, не гэтак ад болю, як ад крыўды і нечаканасці жаласліва віскнуў і, падтуліўшы хвост, кінуўся дадому.
— А ты адкуль тут?
Сцяпан здзіўлена глядзеў на рудога, здаецца, непаваротлівага звера, які ўсё яшчэ натапырана і насцярожана цікаваў цяпер ужо на Сцяпана.
Бабёр падняў голаў, быццам недачуў ці не зразумеў, пра што ў яго пытаецца Сцяпан, завярнуўся і па-гаспадарску паволі пайшоў да зарасніку крапівы, дзядоў і ваўчкоў, за якімі пачыналіся кусты алешніку, пачыналася крыніца, вада.
I перад тым як прапасці з воч, бабёр яшчэ прыпыніўся, азірнуўся на Сцяпана, і таму здалося, што звярок кіўнуў галавою — падзякаваў.