Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 11

Алесь Жук

Але нешта яшчэ больш заела Дзямідчыка, чым гэтая жорсткая праўда — тое, як адмахваўся ад яго, як ад назойлівае мухі, старшыня, тая лёгкасць, з якою ён верыў, што на яго век хопіць.

— Я тады яшчэ жаў, як ты пад стол хадзіў! I перажыў не аднаго такога разумнага, якому ўсяго з калгаса хапала...

— Во-во, больш нічога нам і не асталося, толькі тое, як вы некалі ваявалі, як вы некалі рабілі! А цяпер не замінайце нам рабіць! Памагаць не ўмееце, то хоць пад нагамі не блытайцеся! — Старшыня махнуў рукою — што траціць час.— Вось што, Дзямідчык, ты лепш чым лезці мне папраўляць, тут у сябе парадак навядзі. Во, у цябе пад носам па аўсе калгасным конь месіцца і чарада гусей ходзіць, а ты мне тут маралі чытаеш пра тое, як мне народнае дабро берагчы! Гэтага ты не бачыш! Во-во, паглядзі, пакуль ты ў кустах зранку цвяточкі шукаеш?

Старшыня паказваў пальцам на каня, які ад аселіцы зайшоў у авёс, і на чараду гусей, што шамятавала яшчэ зялёныя мяцёлкі. На твары старшыні праступіла чырвань ад уладарнага гаспадарскага гневу, і ён тыцкаў пальцам, хоць сам толькі што праехаў паўз гэтых гусей і паўз гэтага каня і не ўбачыў іх.

— Я цябе, Дзямідчык, папярэджваю: калі ўзяўся за работу, то рабі яе. Ты ветэран, інвалід, ты сваё адрабіў! Можаш — рабі, а не — паставім таго, хто можа рабіць.

Гэтым суровым папярэджаннем старшыня і кончыў гаворку, ляпнуў за сабою дзверцамі, і машына злосна драпнула коламі пад сабою дарогу, пакурэла ў поле.

Сцяпан плюнуў. У галаве быццам шумела — і ад крыўды, і ад злосці, і ад таго, што не сумеў даць адпору гэтаму маладому гультаю, які развальвае калгас.

Ён ужо на хаду падняў з травы мокрую, у гразі, патырчаку і пашыбаваў да чарады гусей, якія не зважалі на яго, шамятавалі авёс, толькі зрэдку перазываліся паміж сабою. Заўважылі гусі свайго зацятага ворага блізка, трывожна гаргануў гусак, чарада кінулася бегма.

— А каб вас пранцы, плойма ненажэрная! — Сцяпан улёг за гусямі, папусціў палкаю, папаў па адной. Тая закрычала ад болю, перакацілася цераз спіну, але лопала крыллем, уцякала, кульгаючы. Сцяпана аж пот прабраў, пакуль вытурыў гусей з аўса, ужо спакойна выганяў каня: конь быў калгасны, меў права на авёс, конь быў адзіны і апошні. Добры, спакойны, дагледжаны конь. I ў тым, што конь стаіць разам з каровамі ў кароўніку, таксама была знявага яго, Сцяпана, брыгадзіра, быццам яго самога паставілі ў той кароўнік ці, як некалі малога, павялі разам з бабамі ў лазню.

Пакуль Сцяпан ішоў з аселіцы да вёскі, там зноў запанавала цішыня і лад. Гусі пайшлі на ваду ў сажалку, толькі тая адна, з перабітаю нагою, пагогвала ад болю, дабіралася да вады.

Уставала сонца, і раніца яшчэ не была гарачая.

На кароўнік Сцяпан не пайшоў — кароў ужо падаілі, выгналі на пашу, малако адправілі. Летам там яму не надта было чаго рабіць. Зялёная падкормка яшчэ з учарашняга падвезена...

Пара было снедаць.

Сцяпан не прыкмячаў сам, што цяпер паўтараў той, дзесяткамі гадоў нажыты лад жыцця. Так ён пачынаў рабочы дзень тады, калі і зямлю аралі коньмі, і з кожнае хаты амаль што было па мужчыну, не кажучы ўжо пра хлапчукоў і хлопцаў, калі касілі і звозілі сена ў гумны, калі жалі і вазілі снапы, і на жніво звінела поле ад песень, калі яму падносілі сноп, калі яму жанкі звівалі вянок!.. А потым там, на траве за крыніцаю, недалёка ад Чортавых Жорнаў, пілі ўсе разам, аж пакуль добра не змяркалася.