Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 8
Алесь Жук
За плячыма Сцяпана, за крыніцамі, далей угору ішло поле. На ім ні за што не магло зачапіцца вока — збажына. Поле і поле, колькі спасцігала вока.
Сцяпан любіў глядзець на поле ўлетку, калі яно стаіць у калоссі. Самае лепшае, што ён ведаў і любіў у жыцці, гэта было поле, якое спелым коласам хілілася, гайдалася, накочвалася хвалямі насустрач чалавеку, быццам лашчылася да яго, хацела, каб ён пагладзіў яго сваёй далоняй. Дзямідчык уздыхнуў — цяпер на полі, як пры лішаі, значыліся выжарыны. I яно не гарнулася ў трубу, а суха, нашчацінена стаяла пустым, высмаленым на сонцы калоссем, якое не змагло наліць як след зерне.
Востра свіснулі крыллем над галавою дзве качкі, без аблёту, як дадому, адразу ж спікіравалі на возера, у зараснік травы. Там былі іх вывадкі.
Адсюль, з узгорка, было відно, як з вёскі на калгасны агарод выйшла жанчына, угледзела на ўзгорку Сцяпана, пастаяла і незадаволена пайшла назад. Ён пазнаў Жоглаву Ліду. Усё роўна як сваіх памідораў не хапае. Не можа жыць, каб чужога не ўварваць.
Сцяпан сышоў з узгорка, па грэблі вярнуўся да вёскі і пайшоў уздоўж агарода, паўз самую крыніцу — да брыгаднага двара, гэта значыць да кароўніка з абгароджаным летнім дваром. Тут жа стаялі двое апошніх даламаных калёс і невысокая воданапорная вежа.
Паўз крыніцу густа, у чалавечы рост узяліся крапіва і лапушнік, жоўта, купіста цвілі ваўчкі, свежа, забыта і непрывычна за травою, за кустамі цурчала вада. Яе было відаць з-за травы — іржавую жалезнымі разводамі. Была нейкая загадка ў гэтай вечнай вадзе, якую давала зямля. Давала і берагла. Захіляла яе алешнікам, травою густа, што нават і ў самую гарачыню цяжка было дастаць яе сонцу. У вайну, калі не было мужыка і не было каму і на чым вазіць дровы, жанкі высеклі ўвесь алешнік за зіму ў крыніцы і потым не давалі яму падняцца і ўзяцца. I крыніцы пачалі высыхаць і прападаць.