Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 7
Алесь Жук
Сцяпан усміхнуўся — Жогла любіў пахваліцца, як добра ён умее прыстроіцца ў жыцці. I тое, што стаў міліцыянерам, ставіў сам сабе ў пахвалу. Сцяпан успомніў таго пасляваеннага ўчастковага Жоглу, калі яшчэ ў лесе і ў балоце хаваліся паліцэйскія недабіткі. Тое, як ён прападаў начамі, туляўся па хлявах, баяўся начаваць дома, пакуль не палавіў іх.
— Ты, Федзя, мне дзякуй гавары. Каб некалі я не адказаўся ад гэтае работы, быў бы я ўчастковым.
— Ну, там ведалі, каго трэба браць. Куды ты выбраўся?
— Прайду пагляджу на балота. Цімафееўку пара забіраць. У порах высахла.
— Цяпер не згніе, не бойся... Колькі там тае цімафееўкі. Прыедуць з падборшчыкамі і машынамі — за дзень і скружаць табе яе.
— Ну, як сказаць,— буркнуў Сцяпан.
Яго злавала паблажлівая насмешлівасць Жоглы. I гэты намёк, што толку мала ад яго брыгадзірскага клопату. Недзе праўда была ў тым, пра што гаварыў Жогла. 3 трыццаці сямі двароў чатыры двары не пенсіянерскія. I то жонкі на кароўніку, на штатнай рабоце. Жогла гаварыў праўду — каб і была патрэба, то ён са сваёй брыгадаю нічога не зробіць і не прыбярэ з поля цімафееўку. Калі б нават падняў на работу ўсіх сваіх пенсіянераў. На Альховыя Крыніцы астаўся толькі адзін конь, стаіць у кароўніку разам з каровамі. За коней Сцяпан пасварыўся са старшынёй. Старшыня запомніў яму гэта. Коні спатрэбіліся старшыні, каб даздаць план па мясу. Пляцы людзям заараць старшыня браўся калгаснымі трактарамі. Дзямідчык ведаў, што з гэтага будзе. Вёска без каня як не сапраўдная. Як без душы жыве.
Сцяпан выйшаў у канец вёскі. Ён думаў пра коней і ўсміхаўся. Ад гэтых думак было цёпла на душы. Ен памятаў коней, кожнага як і звалі, і кожнага па мордзе, усё роўна як і людзей, якія жылі і якіх ужо не стала ў вёсцы. Адышлі людзі, адыходзяць і коні, кажуць, адыходзіць, вымірае і сама вёска. Вось дажывуць яны, цяперашнія старыя, і не будзе больш Альховых Крыніц...
Сцяпан цяжка ўзышоў на ўзгорак, спыніўся.
Наперадзе, дзе было балота, там, дзе некалі цякла і рэчка, у лагчыне, лёгка і сівавата слаўся туманок. Балота давала знаць пра сябе нават у гэтае засушлівае, выпечанае сонцам лета. Як астраўкі, над поплавам уставалі купчасгыя вершаліны лазовых кустоў, і, як шапка, высілася за туманцом Палянка — некалі на балоце быў такі грудок. Ля яго вёска капала сабе торф. Пасля вайны рэзалі там на балоце торф, сушылі і палілі ім зіму. Балота не толькі карміла сяк-так карову, але і грэла. Цяпер там, пад Палянкаю, зараснікі лазняку на тым месцы, дзе пазаплывалі кар’еры, забалоціліся. Цяпер торф возяць з брыкетнага завода. Першыя гады, як пачалі прадаваць брыкет, не хацелі купляць людзі, казалі, што ў печы салярка смярдзіць. Цяпер нікому ўжо не смярдзіць, бяда толькі, што і дастаць яго не вельмі проста. Чаргу трэба добрую выстаяць.
Адтуль, ад былога балота, усё ж павявала цеплаватаю вільгаццю, і здавалася, што там і сапраўды вада. Гэтага ўсмяглага лета хацелася вады. Вады там не было, цякла канава на месцы былое рэчкі, вузенька і мелка, як ручаёк, імкліва несла бедную сваю ваду некуды далей. А там, пад туманам, ляжала, скошаная касаркамі, сухая цімафееўка, якая добра вырасла гэтага года тут, на нізкім месцы, і куды цяпер можна ўлезці з машынамі. Мокрага года зямля пуставала, бо ні з восені, ні вясною нават з гусенічнымі трактарамі на балота ўсё ж нельга было ўлезці. Ад балота, бліжэй да вёскі, пышнаю, высокаю купаю бяроз, над якімі з краю высіўся адзінокі, купчасты і вышэйшы за іх дуб, зелянелі могілкі. На бярозах там асталіся яшчэ дзедаўскія борці. Пры Сцяпане абгарадзілі новым плотам на цэментавых шулах, запасліва прыгарадзілі вольнае зямлі. Сцяпан сумна ўсміхнуўся — дарэмна гэтак запасліва прыгароджвалі. Бліжэй ад могілак, пад самым узгоркам, стаяў алешнік — цягнуўся паласою туды, да балота, і там пераходзіў у кусты лазняку. У алешніку жыў металічны, вільготны халадок, нават цяпер, у такое пекла. Тут жа ля ўзгорка крынічная лагчына была перагароджана земляною плацінаю, перад якою стаяла невялікае азерца, парослае ў завоінцы трыснягом, з невялікім чыстым люстэркам вады і густою травою там, дзе зноў пачынаўся лазняк, алешнік, які цягнуўся аж да самага пачатку вёскі. Ля яго на ўзгорку зелянеў калгасны агарод — ніжэй да крыніцы капуста, потым агуркі, а на самым узгорку памідоры, якія шчодра спелі. За агародам — і сама вёсачка, затуленая садамі, прысадамі, ціхая і пакорлівая нейкая цяпер, у гэты світальны час.