Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 10
Алесь Жук
Сцяпан заплюшчыў вочы, сцепануў галавою — каб адагнаць гэтае насланнё. Нікога не было перад ім. I следу ніякага. Раніца была сухая, без расы. Толькі пагрэбеная сабакам зямля асталася. Больш ніякага знаку. Але ж бабра ён бачыў, і не маладзенькага, а старога рыжага мацёрага бабра з хвастом, як лапата.
III
Сцяпан азірнуўся — ці не бачыць яго хто тут. На дарозе стаяў старшынёўскі «газік». Сам старшыня выйшаў, абапёрся рукою на крыло машыны, другую ўпёр у бок, нахіліў набок голаў і глядзеў на брыгадзіра.
Сцяпан, як засталі яго за нечым нядобрым, заспяшаўся да машыны і яшчэ здалёк павітаўся:
— Дзень добры.
— Дзень добры.— Старшыня паволі падаў руку.— Што, ужо гербарый збіраеш?
Ён насмешліва падцяў губы, але ў прыжмураных вачах не было весялосці, а злосць. Ён быў яшчэ малады, гадоў за трыццаць пяць, тлуставаты і па-бабску круглаваты ў плячах і з твару.
— Вот выйшаў паглядзець...
— Дзіва што, дзялянку выгадаваў. Дзяды, ваўчкі, крапіва — хоць на выстаўку вязі. Гаспадар! А сметніцу ў пачатку вуліцы зрабіў — любавацца замест работы на яе ходзіш... Хто табе даў права ўчора камбайны з поля адпраўляць?
Нацягнутая ўсмешка і тая прапала з твару ў старшыні.
Сцяпан ніяк не можа прывыкнуць да гэтага яго «ты».
— Рана яшчэ тут жаць!
Ён не стаў казаць, чаму рана — мяккае яшчэ зерне, глуму многа, калі жаць. Старшынёва «ты» раззлавала яго.
— Слухай, гаспадар,— старшыня зноў з’едліва ўсміхнуўся.— Думаеш, ты адзін усё бачыш і ведаеш, а мы дурныя і сляпыя?
— Мяккае яшчэ зерне, пасля сушылкі што астанецца...
— Слухай, Дзямідчык, чаго ты ўсюды лезеш? Ты брыгадзір, грошы кожны месяц маеш, як і ўсе. А колькі тут у цябе пенсіянераў? — Раз, два — і фіга! Ну і палучай свае грошы, хрэн з табою, штрафуй сваю пенсійную каманду за іх гусей, якія ў патраву лазяць, паглядзі, каб каровы былі дагледжаны — і не блытайся пад нагамі! Не ты ў канцы канцоў сеяў, без цябе і сажнуць!
— Я ж...— пачаў Сцяпан і збіўся: і сеялі, і жаць будуць механізатары. У брыгадзе нават і свірна няма, і ніхто з яго людзей ні на сяўбу, ні на жніво не хадзіў і не ходзіць. У кладовай пашню палучаць, салому з поля гатовую прывязуць...
— Ты быў на праўленні? Быў. Чуў, што было сказана — калі пачаць жніво? Чуў. А ты мне ўчора ўсе сарваў. Адзін «Інтэрнацыянал» ні аднае тоны не здаў.
Старшыня ляпнуў далонню па крыле.
— Ну і што, што парад не ўдаўся? У канцы года падаб’ецца...
— Слухай, Дзямідчык, я ж помню, як толькі камбайны прыйшлі — колькі такія, як ты, трубілі, што зерня на полі многа губіцца, што не трэба камбайны... А цяпер што? Сушылкі на таках, тонамі варочаем, а ён тут усушку шукае... Хопіць, не бойся! I на твой век, і на мой...
***
Сцяпан глядзеў на старшыню. Ён не прызнаваў таго, што даказваў старшыня — такія гаворкі былі ўжо ў іх. Але цяпер ён думаў пра тую жорсткую праўду, што не сее ён і не жне, не мае нават свайго хлеба ў брыгадзе. I колькі трэба ўгнаення, аграном распараджаецца, і як яго рассыпаць — брыгадзір механізаванага звяна ведае.
На нейкае імгненне ён зразумеў, чаму злосны на яго гэты малады, лысаваты, з раніцы ўжо потны з твару мужчына, на якім увесь калгас. Пачалося жніво, і жніво гэтае ідзе наперакасяк, старшыню трэба вінаватыя.