Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 83

Алесь Жук

Позірк упаў на запіс у календары. Раптам падумалася: а што і як ён скажа маці пра смерць гэтага Дзямідчыка?

Сакратарка прыадчыніла дзверы, каб запытацца, ці можна пускаць у кабінет інструктара, але ўбачыла, што сакратар стаіць пры акне, апусціўшы голаў. Ён не азірнуўся, толькі махнуў рукою, і сакратарка хуценька зачыніла за сабою дзверы.

За акном сутонела, і пачынаў паціху церусіцца на прамёрзлую зямлю чысты снег.

XVI

На рунь бралася раса. Сонца ўжо схавалася, але стаяла веснавая светлата на небе і не цямнела. Далей ад поля, на тяцах, засаджаных бульбаю, цеплавата шарэлася зямля. Над ёю, нібыта белыя аблокі, стаялі сады. Ужо асыпаліся, вялі раннія далікатныя пялёсткі вішань, парадзела на цвет беіая груша, а яблыні сама цвілі — святкавалі такую надзіва раннюю і надзіва цёплую вясну.

Пахла зялёнаю рунню, зямлёю, вечарам, садам — пахла Юр'ем. Недзе з другога канца вёскі слаба быў чуцен гармонік, а бліжэй, дзе таксама сабраліся сваім зборам — суседскім гуртам,— смяяліся дзіцячыя галасы.

На руні былі разасланы льняныя настольнікі, на якіх былі расстаўлены бутэлькі і раскладзена закусь — сала, каўбасы, цыбуля, вараныя яйкі. Тут жа стаяла поўнае вядро ўжо крыху падкіслага бярозавага соку, а на вушку вісела конаўка.

Першую чарку ўжо выпілі. Гаварылі між сабою жанкі, гудзелі, як у бубен, адзін да аднаго мужчыны, але яшчэ не закручвалі самакруткі.

Сцяпан прыглядаўся да іх і прыслухоўваўся да мужчынскае гаворкі — пра тое, што вясна паказвае на ўраджай, пра тое, што добра цвітуць сады і нішто не перашкаджае ім — ні замаразкі, ні дажджы. Сцяпану бацька таксама даў паспытаць са сваёй шклянкі самагонкі. Яна была смярдзючая і нясмачная, але Сцяпан выпіў яе — вясною ён сам, як сеялі бульбу, араў пляц, а летам збіраўся з бацькам разам стаць у касу. Яго радавала, што ён, як дарослы, выпівае разам з мужчынамі на росу. Гарэлка туманіла голаў, яму здавалася, што сама лепш было б астацца тут, у полі, спаць на руні цэлую ноч, і сюды б наплываў ружовы хмель вясновага саду.

Сцяпан не пачуў, як да яго падкраўся Васька і кінуў за каўнер рубашкі жабку. Сцяпан аж перасмыкнуў плячыма ад нечаканага холаду, ад лапак, якія драпнулі яго па спіне, вытрас жабку з-пад рубашкі.

— Зябу з’еў! Зябу з ’еў! — радасна заскакаў Васька і здагадаўся даць дзёру.

Сцяпан падхваціўся ўслед. Мякка слалася пад нагамі рунь, студзіла і лашчыла ступакі. Было радасна бегчы па руні, пакуль дагнаў брата, прайшла на яго злосць. Са шчанячаю радасцю ён папхнуў брата, паваліўся сам, пачаў качаць яго па руні.

Васька адчуў, што тумака не будзе, весела, аж захліпаўся, звінеў на ўсё поле:

— Мамацка, Сцёпка слакоцацца!

I толькі пасля таго, як бацька дакорліва і добра спыніў: «Што ты, Сцёпа, як малы саўсім, выкачаеце ж усё жыта»,— толькі пасля гэтага Сцяпан вярнуўся да гурту, несучы на руках браціка, які даверліва прыціх і прытуліўся да Сцяпана.

Тады, на той расе, маці і спявала песню. Нечаму самы блізкі, самы радасны ўспамін пра маці быў гэты. Можа, таму, што побач з ёю быў бацька і падспеўваў, можа, таму, што да Сцяпана прытуліўся і прыціх збродлівы і непаседлівы Васька...