Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 85

Алесь Жук

Ганна не адыходзіла ўсе дні ад яго, не далася нават, каб падмяніў сын. Яна яшчэ нейкі час прыглядалася да заціхлага Сцяпана, уздыхнула, закрыла яму вочы і пагладзіла па твары. На медсястру, якая ўбегла і пачала мацаць пульс, слаба махнула рукою — адыдзіся. Сядзела пры Сцяпану датуль, пакуль не прыйшоў доктар і санітары. Яны сталі ў парозе.

Доктар падышоў, абняў за плечы, сказаў адно толькі слова:

— Памёр.

Ганна ўстала, строга паглядзела на яго:

— Я знаю. Яго даўно ўжо пахавалі, дома, у полі сваім.

I найшла да дзвярэй. Спынілася, сказала сыну:

— Павязём дадому. Там, дзе яго журавель лятае...

Доктар і медсястра пераглянуліся, сын таксама збянтэжыўся і трывожна глянуў на маці.

Яна, не чакаючы нікога і нічога, пайшла па калідоры прэч.

***

Пахавалі Сцяпана Дзямідчыка на сваіх могілках. Хавалі з музыкаю, на падушачках неслі ордэны і медалі. Над труною гаварылі прамовы. Стаялі ў ганаровым каравуле піянеры.

На другі год сын паставіў на магіле помнік з ружовага мармуру і срабрыстую белую агароджу.

Ганна першы год пасля смерці мужа нікуды не паехала. Цэлымі днямі паролася дома. Вясною і восенню часта выходзіла начамі на двор, прыслухоўвалася да таго, як высока ляцяць і крычаць пералётныя чароды. Пачалі пагаворваць, што яна звіхнулася. Але потым і Жогла сказаў, што бачыў, як вясною над могілкамі кружыўся і крычаў адзінокі журавель.

Ганну на другі год, як пералежала зіму з запаленнем лёгкіх, забраў да сябе ў горад сын. Хату прадаў калгасу.

Жогла даслужыўся да пенсіі, распаўнеў і далучыўся да мужчынскае кампаніі, якая штодня завітвала да магазіна, п’янеў, мармытаў, што смерць Сцяпана так не сыдзе ўсім — недарэмна ж вясною і восенню кружыць усё тут адзінокі журавель.

— Дурань ты такі, як і твой Сцёпка быў. С... я хацеў на таго жураўля! Каму пара паміраць прыйшла, той і паміраць будзе,— не мог сцярпець яму Антось. Ён і пасля смерці не любіў Сцяпана.

Антось, як і раней, бярог здароўе, выседжваў са сваёй Вераю на лаўцы перад хатаю. Але памёр у вёсцы першы ўслед за Сцяпанам, у адхожым месцы, ад інсульту.

Пасля гэтага перасталі смяяцца з Жоглы, бо і на помніку, які паставіў сын на магіле, праступіў лёгкі абрыс лятучага жураўля. Кляліся людзі, што, як ставілі помнік, на ім нічога не было. Сёй-той пагаворваў, што гэта Жоглава работа. Але легенда пайшла па наваколлі, і многія пачынаюць паўтараць, што чуюць вясною і восенню над палямі кліч Апошняга Жураўля...

3 могілак, адвячоркамі, калі нізка апускаецца сонца і выцягваюцца доўгія цені, відаць, як чырванаваты вечаровы водсвет, нібы на лоб, кладзецца на вялікі камень Чортавых Жорнаў, што цяпер, як і спрадвеку, ляжаць на ўзгорку над усім наваколлем. Далей, як на далоні, вывіваецца ручаёк алешніку ў крыніцах — бабровая дарога,— у якім хораша і ўтульна ляжыць азерца, хаця ўжо там пахадзілі і нешта памералі меліяратары. За крыніцамі даверліва прыпадае да зямлі вёска, а за ёй устае лес. Нягледзячы на ўсе санітарныя высечкі, ён набірае сваю цёмную высокую сілу, якая пачынае ўжо гаманіць з небам. А яно над палямі вечнае і халоднае, часам пяшчотнае, а найчасцей ціха і родна зажуранае. I з усім гэтым, вечным, што было і будзе на зямлі, зліваецца неабдымнае поле. Восенню, калі яно чыстае і прасторнае, аблямавана на даляглядзе кусцістаю зялёнаю рунню, захінута ціхім туманком, далёкае ворыва на небакраі раптам пачынае ўставаць на цябе крылом шэрага жураўля, і хто скажа тады, што з неба і сапраўды не чуцен вечны жураўліны кліч?