Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 84
Алесь Жук
Светлыя матчыны валасы былі роўна вычасаны, на ёй вышываная сарочка з кароткім рукавом. I бацька таксама ў вышыванцы, падпяразанай тоненькім паяском. I сабе сарочку, і бацьку вышывала сама маці адным узорам. У бацькі чорны ад загару з вясны твар, толькі бела пабліскваюць зубы.
Ой чыё ж то жыта,
Чые то пакосы,
Чыя то дзяўчына
Распусціла косы?
Косы распусціла,
Плечы засланіла,
Да крыніцы выйшла
Сустракаці міла.
Любы мой свякроўка,
Любая свякрыца,
То з маёй любові
Працякла крыніца.
Песня гэтая снілася яму ў партызанах. Снілася маці, сніўся бацька, сніўся брацік Васька, якога ён нясе на руках па свежай руні, снілася яго цёплае і даверлівае цельца. Сніцца пачало ад таго, як цераз сувязных пераказалі, што сям’ю яго расстралялі, а хату спалілі. Ён баяўся класціся спаць, хадзіў цэлыя ночы па лагеры і спяваў сам сабе мацерыну песню. У атрадзе баяліся, што ён звар’яцеў, і схавалі ад яго аўтамат.
Праз тыдзень Жогла, тады камандзір падрыўное групы, забраў яго на заданне. Аперацыя не ўдалася — пакуль падышоў цягнік, нямецкі патруль ублытаўся ў шнур і ўзарваў зарад. На гэтую пору наскочыла патрульная дрызіна. Усчалася перастрэлка. Сцяпан адбіўся ад групы, калі адыходзілі да лесу. Цэлую ноч ён валок на сабе параненага Жоглу.
На світанні, знясілены, з набеглымі крывёю вачыма ад натугі, ён вывалак Жоглу да дальняга партызанскага дазору і ці то заснуў, ці страціў прытомнасць ад знямогі, бо ачнуўся толькі ў лагеры.
3 таго дня Сцяпан перастаў хадзіць начамі па лагеры.
Цяпер у памяці плыў той Юрай, той пах зямлі, такі востры і свежы, светлы твар маці, яе песня ў два галасы з бацькам, ад якое адтавала сэрца, адыходзіў некуды халодны партызанскі лагер, стогны параненага Жоглы... Над усім гэтым, над усім яго жыццём плача песня маці, і Сцяпан толькі слухаў яе...
А вы дакарайце,
Толькі не журыце,
Ціха ўспамінайце
Васілёчкі ў жыце.
Песня абарвалася на апошнім слове, і адразу ж нейкая страшная сіла падняла Сцяпана некуды ўгору, у самае неба, і перад ім адкрылася тая самая страшная белая летняя ноч, ён пачуў, як шархаюць па бульбоўніку боты, як грэе яму ў ногі летняя зямля. Ён вось-вось мог пазнаць тых, што студзічі яму спіну халоднымі стваламі вінтовак. I ўжо пад саламянаю страхою ён угледзеў маці з роспачна заломченымі рукамі, учарнелы ад гора бацькаў твар, вялікія ад нямога жалю брацікавы вочы... Ен сніў, як расстрэльвалі яго сям’ю... і яго самога.
3 дзікім крыкам Сцяпан завярнуўся да тых, хто трымаў вінтоўкі, і ад гэтага раптам перакулілася, упала ўніз неба з белаю поўняю на дне, і ён паляцеў уніз, ад цёплага мяккага бульбоўніку ў белую глыбіню, на самае дно, застываючы ў ільдзіну...
***
Паміраў Сцяпан тры дні. У палаце, застаўленай прыборамі, у цішыні і белізне, нават у сваёй перадсмяротнай бледнасці, ён здаваўся чужым тут, нейкім чорным, як корч. Ён ні разу не расплюшчыў вачэй, не сказаў ніводнага слова, не паварухнуўся нават, нібы доўга і ўпарта плыла ягоная душа тою, не пазнанаю нікім паласою ўздоўж смерці і жыцця, ад цяперашняга свайго веку туды, дзе быў пачатак, а перад пачаткам пустата небыцця. Ён і памёр, так і не ачнуўшыся. Толькі па твары яго за гэтыя дні як па кнізе можна было прачытаць і задумёнасць, і ціхую радасць, і боль, і злосць, і адчай, і крыўду... А перад тым як сканаў, нейкак дзіцячаю пяшчотнасцю асвяціўся ягоны твар, потым з вачэй скацілася па буйной, як боб, слязіне, і ён ціха, але жахліва ўскрыкнуў, напружыўся, нібы хацеў ад нечага вырвацца, і заціх.