Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 82
Алесь Жук
За паваротам дарогі адкрыўся стары раскіданы млын, запруда перад iм, купчастыя, старыя, з ніцым голлем, вербы. Не, ні ён яе, ні яна яго не павяла, яны разам пайшлі да вярбы. Яна плячыма скрозь сукеначку адчувала, якая цёплая і парэпаная кара, яна сама хацела цалаваць яго і каб ён цалаваў яе яшчэ мацней і балюча, каб не пакідалі яе яго няўмелыя, але ўжо бессаромныя рукі, яна хацела і яшчэ нечага, і цалавала, і задыхалася, і прасілася: «Міленькі Сцёпачка-а-а!.. Не трэба... Міленькі!» I сама цалавала яго, і не працівілася яго рукам.
I раптам цераз плячо яго ўгледзела, як адтуль, з-за павароту, з-за жыта выехаў на белай машыне яе Пятрок. Цяперашні, дарослы, у плашчы, і аж замерла ад страху і сораму...
***
3 гэтым Алена і прачнулася. Ціха і цёмна было ў хаце. Начаваў апошнюю ноч у родным доме яе сын. А сон які сасніла! Сцёпка яе ўсяго разы са тры і правёў з вечарынкі і адзін раз толькі і пацалаваў. I то яна ўпіралася яму рукамі ў грудзі — бо гэтак зайшлося, застукала сэрца, затуманіла ў галаве.
А потым была вайна. Саладзейшага, шчаслівейшага пацалунка яна так і не зведала ў жыцці. Можа, і другое было б у яе жыццё, другое, не сцерліся б так ні маладосць, ні сталасць.
Алена не адчувала, што плача.
***
Цераз дзень пасля гасцявання ў маці Яновіч на рабоце распісаў паперы, якія сабраліся, пакуль яго не было, а таксама распісаўся на праекце пастановы бюро з вымоваю начальніку сельгасупраўлення Цыганкову пасля прадстаўлення суда. Пра той выпадак у полі, калі забілі чалавека, ён чуў ужо. Нават крыху і шкода было разваротлівага маладога шафёра Цыганкова. Ён глядзеў машыну лепш, чым іхнія сакратарскія шафёры. Хто б мог падумаць, што з ім можа быць такое?
Паглядзеў на каляндар, дзе звычайна было запісана, што трэба зрабіць тэрмінова. Пакуль што такіх запісаў не было. Успомніў просьбу маці пра таго Сцяпана з Альховых Крыніц і запісаў на календары. Але прозвішча Сцяпана не мог успомніць.
На ўсякі выпадак пагартаў каляндар назад, але там ніякага запісу не было. Зняў трубку і пазваніў Дзярэчу.
— Дзень добры. Яновіч звоніць. Слухай, я прысылаў табе восенню чалавека, ён па тваёй епархіі са скаргаю ў мяне быў. 3 Альховых Крыніц.
— Дзень добры, Пётр Іванавіч. 3 вяртаннем вас. Помню. Дзямідчык Сцяпан. Былы брыгадзір, якога выжыў старшыня. Я вам дакладваў тады, што нумар машыны не сышоўся, не было ў нас у раёне такога нумара...
— Добра. А як ён цяпер, ты не бачыў яго?
— А вы хіба не чулі? Гэта ж шафёр Цыганкова яго застрэліў.
Дзярэча змоўк. Маўчаў і Яновіч, паволі паклаў трубку.
Недзе здалёку з памяці выплыла, што той жа Цыганкоў прыходзіў скардзіцца на старшыню «Інтэрнацыянала» за тое, што ён не толькі дабівае калгас, але, як феадал, разганяе і вопытных брыгадзіраў. Ці не пра гэтага Дзямідчыка і тады была гаворка? Ён збіраўся тады выклікаць старшыню «Інтэрнацыянала»... Нейкая тэрміновая работа перашкодзіла. Хаця з Прымачакам пытанне вырашана. Яму ўжо падшукалі пасаду тут, у каранціннай службе, а сам «Інтэрнацыянал» з новага года далучаецца да больш моцнае «Радзімы»...