Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 81

Алесь Жук

Сцерлася і яго жыццё, і яе пры ім сцерлася. Сын, яе сын, які спаў у сваім пакоі, здаваўся нейкім далёкім — яна таго больш памятала і любіла, малога. Цяпер у яго сваё жыццё, якое, можа, яна і не разумее.

Дзіўна, як многа прайшло з таго дня, калі вёз іх з мацераю дзед з паўстанка на падводзе, якая непрывычна моцна пахла дзёгцем, як горка, бы па нябожчыку, плакала маці, клялася, што Міхась яе не вінаваты.

Дзед маўчаў, толькі сурова абзываўся:

— Каб не вінаваты быў, то не засудзілі б. Чаму ж ён зараней угаварыў цябе разысціся з ім?

— Ён баяўся, што і нас з Аленкаю...

— Значыць, было чаго баяцца. Но-о! — Дзед шмаргануў за лейчыну. Загрукалі колы. Паўз дарогу, прыпыленая мяккім, як мучным, пылам, стаяла цыкорыя, ляжаў падарожнік, з жыта блакітна выступалі валошкі... Калі пад’язджалі да вёскі, дзед сурова папярэдзіў: — Ты пра гэту нацдэмаўшчыну каб нікому ні слова, ні паўслова! Скажы, што кінуў цябе твой Міхась... Так і скажы, а то заклююць і тут цябе.

Але ўтаіць, што бацька засуджаны, не ўдалося. Ратавала маці тое, што развод быў узяты да яго арышту. Але за два гады яна быццам звяла і сканала ціхая, як свечачка дагарэла.

Цяпер, калі ўспамінае бацьку, здаецца, што бачыць яго аднекуль здалёку. Ён прыйшоў з універсітэта, стомлена і радасна хваліцца, як добра прачыталася лекцыя па гісторыі. Ён і помніцца такім далёкім і радасным, і пасля гэтага яна адразу ж бачыць сябе, якую б не пазнаў той малады бацька, бо ніякае сувязі не асталося паміж ім і ёю. I калі яе Яновіч дабіўся — яму муляла вельмі, каб у жонкі была «чыстая» біяграфія,— што ёй прыслалі паперу аб рэабілітацыі бацькі, яна не адчула ні радасці, ні палёгкі, толькі боль, які яе заўсёды мучыў, калі ўспамінала пра бацьку.

3 гэтым болем Алена і заснула, і прысніўся ёй нечакана светлы сон, а можа, і не сон, а ўспамін прыплыў у трывожным сне — яна здагадвалася, што сын паедзе заўтра, і ёй хацелася не заспаць, устаць раней, каб больш паглядзець на яго.

***

Ішлі яны ўдваіх дарогаю. Яна ў тры белыя ручаінкі цякла, выбітая конскімі капытачі і коламі падвод. 3 аднаго боку зелена і густа стаяла жыта, а з другога боку слалася пад белым месяцам канюшына. Сцяпан дзяржаў яе за руку, і рука яго была мазолістая і цвёрдая. Яна сама гладзіла пальцамi яго руку і адчувала, як хвалюецца і бянтэжыцца ён. I ад гэтага пачынала хвалявацца сама.

У вёсцы быў чуцен яшчэ гармонік, не кончылася вечарынка. Што заўтра будуць гаварыць пра іх? Адно — што праводзіў яе Сцёпка пасля вечарынкі, другое — што яны сёння не дачакаліся, пакуль і вечарынка кончыцца, пайшлі.