Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 80

Алесь Жук

— Што гаварыць? Маці ведае, якая гэта работа, па бацьку ведае. Ні дня, ні ночы, ні выхаднога, ні прахаднога... Раённыя будні, як гаворыцца. Хаця скора, мабыць, мне ў сталіцу. Такі варыянт ужэ пракручваецца. Але тады тое і будзе. А работа?.. Прыходзіць да мяне дзядзька, кажа, зайцоў у полі браканьеры б'юць. У раёне бульба не кончана, буракі толькі пачынаюцца... Ну, што зробіш, прыняў я яго. Чалавек верыў, што памагу, калі ехаў к нам... Ага, во, чаму я яго і ўспомніў. Ён, мама, вас ведае. Бацьку ведаў, вас ведае, здаецца, яшчэ з партызанкі. Худы такі, рослы, лёгкі яшчэ стары, здаецца, з Альховых Крыніц.

— Не Сцёпка часам Дзямідчыкаў?

— Правільна. Сцяпанавіч. Сцяпан Сцяпанавіч.

— Вой, Алена, гэта той! — Вера Васільеўна ўспляснула рукамі.— Пятро, гэта ж першая любоў яе!

— Каб ты прапала, Вера! Якая там любоў, з вечарынкі, можа, разоў колькі мяне правёў...

— Не хлусі, Алена, сама гаварыла, што з ім першым цалавалася!

— Во, бач, сынок, як старым бабам віно даваць? I за шалдаціка хоць зараз замуж ісці.

Яновіч бачыў, што маці і збянтэжылася, і расхвалявалася — то перакладала на стале хлеб, то перастаўляла чарку, то ўзялася накладваць яму на талерку рыжыкаў.

— Як ён?

— Ну, здаровы яшчэ мужчына. Як салдат, у ботах, гімнасцёрцы, куртка на ім. Ну, а так...

Яновіч спрабаваў успомніць твар таго чалавека, але не мог. Запомніў яго адзежу, сумку запомніў, а твар цяпер успомніць не мог.

Маці тым часам памкнулася наліць Яновічу, ён апярэдзіў яе, наліў сам.

— Выпі, сынок, за яго здароўе! Помніш, я табе расказвала, як у блакаду адна асталася, пакуль бацька з атрадам там... Тады, як хацелі цябе ў мяне адабраць, каб крыкам немцаў не навёў. Гэта ён не даў. Каб не перагнаў тады на другі бераг перад сабою... А мне, дурной, са страху здалося, што і ён мяне са злосці забіць хоча. Ты прыедзеш, найдзі яго, сынок, прывет ад мяне перадай. Я некалі Івана прасіла, але той злаваўся. Як прыеду да цябе ў госці, разам да яго з'ездзім. Перад смерцю гляну тыя мясціны, дзе жыла некалі. На магілу матчыну схаджу. Пі, сынок.

Пасля вячэры Яновіч, як і прывык, уключыў тэлевізар, каб паглядзець праграму «Час». А потым правёў Веру Васільеўну, якая ўсё адмаўлялася — бо многа гразі, яна ліхтарык бярэ з сабою. Ён правёў яе і калі ішоў дадому, ужо без ліхтарыка, знарок не надта выбіраў дарогу — не праходзіла адчуванне нейкае незразумелае вінаватасці.

Спаць яму маці паслала на тым самым нікеляваным ложку.

Маці яшчэ тупала па хаце, прыбірала на кухні, калі здарожаны за дзень, здабрэлы ад вячэры і чаркі Яновіч заснуў моцным, здаровым сном натомленага чалавека.

***

Алена не магла зразу заснуць — ад таго, можа, што ператамілася і перахвалявалася за дзень. Цяпер, ноччу, у цішыні, усё здавалася, што ніяк нельга ўмясціць у адно яе жыццё тое, як пераязджалі яны з горада, перад вайною яшчэ, нібы ўцякалі. Тады толькі пачыналася яе дзявоцтва, а потым і вайна... I ўсё... Як і не было дзявоцтва, і жыцця не было. Прамінула, змазалася. Так, пакуль сына гадавала, пакуль яе Яновіч яшчэ ў фрэнчы красаваўся... А потым то з аднаго месца яго перасунулі, то з другога. Ніяк не мог пераламаць сябе, агледзецца. Усё думаў, што ён адзін пуп зямлі, што яму ўсё дазволена. Так і кончыў дырэктарам базару — усё ж пры ўладзе, як сам любіў гаварыць. Але ні сяброў, ні павагі не асталося і з-за натуры яго, і з-за чаркі лішняе... Яе так на работу і не пусціў, спачатку з-за свайго вялікага гонару, потым з непатрэбнае рэўнасці да яе маладосці, а потым яго глядзець ужо трэба было. Так што асталіся ўдваіх, і апошнія гады ўжо маўчаў, нічога не гаварыў, калі яна несла на базар кветкі, нават памагаў даглядаць іх. Усё баяўся, што яго ведаюць у наваколлі, баявога камандзіра, як ён на базар выйдзе.