Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 79

Алесь Жук

Пра тое, што ад’язджае заўтра, ён нічога не сказаў пакуль што маці — каб не псаваць ёй радасці.

— Пятро, а ты ведаеш, нас з Аленай Міхайлаўнай на адной пляцоўцы паселяць у доме... Гэта проста радасць. I таму, што мае вучні пра мяне помняць. Я іх пазабывала, а яны помняць.

Вера Васільеўна блізарука і шчасліва глядзела на Яновіча.

— Вядома ж, вядома.

— Ой, а фужэры мы забылі працерці!

Яновіч ведаў, што Веру Васільеўну паселяць побач з маці: пра гэта таксама клапаціўся ён.

На стол маці паставіла бутэльку гарэлкі, збянтэжана сказала:

— Цяпер жа ўсе мужчыны яе п’юць. А мне цяпер частаваць іх трэба, калі што зрабіць.

I паглядзела на яго, як папыталася.

— I я п’ю. А з рыжыкамі — гэтак рэдка каму і сніцца выпіць.

Гаворачы гэта, Яновіч дастаў прывезенае з сабою з поўдня віно:

— А гэта вам... Каб мне больш гарэлкі было.

Ён і праўда выпіў са смакам і нейкаю палёгкаю, хоць гарэлку ўжо добры дзесятак гадоў абыходзіў, бярог здароуе.

Ен неяк няўтульна адчуваў сябе перад маці — за тое, што адна яна ў гэтым доме, на пустцы, а ў яго толькі дачка і жонка на цэлую кватэру. I яшчэ нібы крыўдзіла яго, што маці гаварыла і хадзіла, стараючыся дагадзіць, і гарэлку трымае для нейкага слесара і электрыка. Гэта яго маці, Яновіча.

— А я, Пятро, ні разу на поўдні не была. Ты была, Алена? Не. I я не... А ўжэ перад самаю маёй пенсіяй, калі са школы пайшла, мае старшакласнікі пачалі ездзіць на поўдзень. Мода цяпер, мабыць.

Вера Васільеўна паглядзела на Яновіча, нібы пыталася — як яно там, тое мора, той поўдзень?

— Нічога, тыдняў два першых — нічога, пакуль адлежышся, а потым... Тады ўжэ пачынаеш успамінаць, што ў нас не горш, лепш.

— Я не пра цябе. Такім людзям, як ты, трэба і падлячыцца... Я пра маладых. Мода, усё мода. Як мы былі маладымі, у нас сама ў модзе была работа. I адзявацца лішне саромеліся, і гуляць лішне не гулялі. Так вот і пражылі.

Яновіч угледзеў, што Вера Васільеўна па-старэчаму ап’янела ад яго віна — заружавеліся шчокі, нібы на сон, стаміліся вочы.

— Пасля вайны... Як фронт прайшоў, жылі ў нас афіцэры. Два тыдні. Равесніца мая гуляла з імі, песні пад гітару спявала. А я баялася, бо ведама, што і людзі, і вучні потым пра настаўніцу скажуць. I нарадзіла мая Надзя пасля тых гуляў хлопчыка. I байструком яго звалі, і танкістам. Усе тады гаварылі, што я разумная. Я радавалася. Той хлопчык так і рос. I вырас. А цяпер ужо з таго танкіста генерал вырас. Я адна ў сваёй хаце вечарам як успомню пра гэта, плакаць мне, старой, хочацца...

Вера Васільеўна вінавата выцерла слёзы. Яновічава маці не ўмешвалася ў гаворку. Яна глядзела на сына шчаслівымі вачыма і не хацела, каб ёй заміналі.

— Ты лепш, Пятро, нам пра сваю работу раскажы. Раён жа ваш вялікі, перадавы.