Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 78

Алесь Жук

— А я не камандую, я гавару. Я з лесу сюды не наезджуся, у мяне там атрад... Ды і тут ужэ не адзін чалавек ведае, хто ў вас бывае... За гэта, калі што, па галоўцы нікога не пагладзяць.

— Я цябе сюды не зваў хадзіць.

— Зваў ці не зваў, не будзем пра гэта. Ты не думай, што так вайна скора кончыцца, што такой маладой дадуць адседзецца. Ты, дзед, падумай. А можа, ты ёю ад немцаў прыкрыцца хочаш? Што яна ад Саветаў пастрадала? Што бацька яе вораг народа? Ты, дзед, глядзі мне!

Іван устаў з-за стала, наліў яшчэ сабе ў шклянку, стоячы выпіў, кіўнуў:

— Пайшлі, Пагарэлец.

3 парога непрыкметна чортам падміргнуў Алене.

Прыехаў дзён праз дзесяць. Зноў вячэралі, зноў ён сватаў Алену, але не так злосна, угаворваў, што там ёй будзе спакайней, у лесе.

А пасля... I цяпер яшчэ расказваюць, мабыць, у вёсцы, як напалі на іхнюю хату паліцэйскія. Кінулі пад акно гранату. Пасыпалася шкло. Стрэлілі разоў некалькі.

Іван, мацюкаючыся на старых, ускінуў на Алену свой паўшубак, вывалак на двор паўз хлявы, паўз вішняк, да каня. У яе аж замірала сэрца...

Там, у лесе, яны і пажаніліся. Ёй быў семнаццаты год.

Потым, цераз усё жыццё, яна колькі разоў пыталася: ці праўда былі тыя паліцаі, хто кінуў пад акно гранату? Ён толькі злавацца пачынаў, нават пад старасць.

А «паліцаяў» тых, ні жывых, ні мёртвых, ніхто тады ў вёсцы так і не бачыў. Сапраўдныя паліцаі прыехалі цераз паўтара года, калі ў яе ўжо было ў лесе дзіця, і забралі старых за тое, што яна жонка партызанскага камандзіра. Так іх і расстралялі пад Грэзкам у ямах...

***

Ні сама Алена, ні Вера Васільеўна не ўпільнавалі, калі прыехаў Пятро. Ды яны і не чакалі, што ён так пад’едзе — на белай машыне. Нечакана белай, чыстай здалася машына на колішняй вуліцы, а цяпер будаўнічай пляцоўцы, якая зусім раскісла ад расталага восеньскага снегу. Не было дзе нават чамаданы паставіць, і шафёр адышоўся метраў за дзесяць, дзе ляжалі нечыя старыя варотцы, і паставіў на іх.

Алена бачыла з акна, як пыхнула дымам машына, забуксавала коламі і выхвацілася, выехала на тупчэйшае. Алена не магла знайсці сваіх гумавых ботаў. А сын тым часам шырока ступаў цераз гразь дадому.

Маці сустрэла яго на парозе, басанож, заплакала, прытуліўшыся да яго плашча, і ён лёгка ўнёс яе ў хату.

Пакуль ён вярнуўся на двор па чамаданы, Алена шчасліва выцірала слёзы і ўгледзела боты, успомніла, што, чакаючы сына, знарок ставіла іх ля дзвярэй.

Вячэралі ўтраіх: прыйшла ў госці Вера Васільеўна. Удзвюх яны нарабілі дранікаў, Вера Васільеўна прынесла рыжыкаў, якіх ёй прывёз яе былы вучань, цяпер ляснічы. Яна ўсё называла Яновічу прозвішча, якое яму нічога не гаварыла. Ён ківаў галавою, што памятае, а як жа...

Ен адзеўся, выйшаў, каб паглядзець дом, але вакол было гэтулькі гразі, што ён спыніўся. Раптам здалося, што дом іхні і быў такі ж самы — стары, а вакол пуста, шэра, няўтульна. Там, дзе аставалася светлая вуліца, на якой свежа і суха пахлі трэскі, расла трава, там стаяла і другая хата — прасторная, светлая. Там быў ён, зусім яшчэ малы, там была яго маці, маладзенькая...

3 санаторыя Яновіч пазваніў, і яго сустрэў сакратар райкома. 3 ім яны паабедалі ў рэстаранчыку, з ім Яновіч дамовіўся, што пра пераезд маці тут паклапоцяцца хлопцы, каб не турбавацца яму. Заўтра зранку тая ж самая сакратарская «Волга» пад’едзе сюды, на былую Травяную вуліцу, каб забраць Яновіча і завезці дадому, у свой гарадок — цераз дзень трэба быць на рабоце.