Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 77

Алесь Жук

— Ведаем. Сёння не даедуць,— ён усміхнуўся.— Сёння моста цераз рэчку няма. Як цябе завуць?

Яна адказала, але чамусьці не так, як звычайна звалі яе — Алена, Аленка, а назвалася на гарадскі лад — Лена.

— А я, Алена, як гавораць, рускі Іван. Іван Яновіч. Старшына сверхсрочнае службы.

Ён ступіў да яе:

— А цяпер, Алена, вядзі мяне дадому, я з бацькам тваім пагаварыць хачу. Пагарэлец, са мною,— кінуў ён салдатам, і на яго загад адазваўся пажылы ўжо чалавек.

— Бацькі ў мяне, Іван, няма,— паспрабавала яна працівіцца ўжо на хаду.

— То маці ёсць. А ў нас, дзеўка, часу мала,— упэўнена растлумачыў ёй Іван.

Яна ўлавіла на сабе той яго позірк, якім глядзяць хлопцы на дзяўчат і які яна пачынала разумець, збянтэжылася, заспяшалася дадому.

Дзед быў на двары. Ён коратка паздароўкаўся з Іванам, як цераз сілу. I ёй чамусьці быццам і няёмка стала з-за яго.

— У нас, дзядзька, да вас патрэба невялікая — есці нам гляньце чаго. Не бойцеся, калі што, то скажаце, што мы сілаю ўзялі, мы ж з вінтоўкамі. Ну, і не ў аднаго толькі вас мы гэтак папросім.

Іван, здавалася Алене, усё злосна насміхаўся. Дзед нічога не сказаў — пайшоў у хату.

— А ты, Алена, так, прыглядайся... Хто тут што рабіць будзе. Хто за немцам, хто не... Мы з табою размінацца не будзем, калі нас ужо звяло.

Ён падміргнуў ёй, і ў яе тады аж затрапятала сэрца — і з-за яго просьбы, і з-за таго, што нутром адчула — нейкая страшная праўда ёсць у яго словах.

— Я аб’яўлюся. Калі хто будзе да цябе — так і скажы: той самы чарнявы камандзір заедзе, пагамоніць!

Ён падміргнуў, яна пачырванела, не знайшлася што і сказаць. Моўчкі, быццам гэтак толькі і трэба было, стаяў, слухаў іх Пагарэлец. Ён моўчкі забраў у дзеда закручаную ў чыстую анучку ежу, кіўнуў галавою, падзякаваў.

— Да сустрэчы,— кінуў Яновіч і па-начальніцку першы пайшоў з двара.

Яна разгублена глядзела ўслед, але як толькі яны выйшлі за вароты, дзед улупіў ёй добрага кухталя:

— Сунешся ўсюды наперад, маць тваю!..

Яновіч спраўдзіў сваё — прыехаў у самы зазімак, вечарам. Ужо тады хадзіла чутка пра партызан. Яшчэ ўлетку яны біліся з немцамі цэлага паўдня і напалілі машын, набілі салдат.

Ён быў усё гэтакі ж скоры, насмешлівы і нецярплівы — усё павінна было рабіцца па яго, не інакш. Пакуль гатавалі вячэру, ён адвёў яе на кухню, распытаўся пра людзей у вёсцы — хто да каго. І ў яе аж замірала сэрца — не ведала, што і гаварыць, усе людзі як людзі быццам...

Потым ён пачаў наязджаць часцей. I ўжо аставаўся з ёю у сенцах падоўгу, і менш распытваўся, а больш ухажорыў, як і свае хлопцы на вячорках, а потым прывучыў і цалавацца.

Дзед папярэдзіў:

— Ты вот што з гэтым Іванам па цёмных кутках... А то прыстроіць — і шукай ветру ў полі. Больш ніякага толку ад вашага шу-шу-шу не будзе! Яму цяпер мора па калена, ён камандзір там.

Дзед амаль не памыліўся: зімою вечарам, калі пачалі вячэраць, Іван пасля першае чаркі коратка сказаў:

— Жаніцца мне трэба, дзед, з вашаю Ленаю.

Баба аж успляснула рукамі, загаласіла:

— А горачка, ці ж я табе не гаварыла!..

— Маўчы! — абсек яе дзед.— Ты вот што, Іван, там, у лесе, камандуй...