Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 52

Алесь Жук

— Не, хлопцы, я сваё... Мне гарэлка не трэба.

— Ты, неданошаны,— худы ткнуў яго прутом у бок,— пагавары тут! Вядзі, паказвай, дзе плаціна!

Холадна плылі хмаркі, свяціў месяц, і ад хмар па зямлі ішоў лёгкі хуткі цень. Было відно. Холадна паблісквала вада між купінаў, шатрыста стаялі на кар’ерах высокія кусты.

Сашка вывеў мужчын да зробленага бабром плёса. Ен аброс паўз берагі сітнягом, збаночкамі, асакою, а сярэдзіна цёмна і холадна глядзела на хмарнае месячнае неба, як страшнае вока. Чамусьці падумалася, што калі ўпруць яго сюды, то ніхто і не знойдзе.

— Дзе хатка? — худы пытаўся хрыпла.

Хатка была далей, за плацінаю, дзе на старыцы яшчэ адзін плёсік.

— А сцежка яго дзе?

— Тут,— Сашка паказаў за плаціну. Там паўз кусты ў густой і высокай траве, якая злегла цяпер на восень пад дажджамі, была бабровая сцежка.

— Стань тут,— загадаў худы барадатаму.— Могуць ісці ад канавы.

Ён больш нічога не сказаў, падаў барадатаму кол.

Сашка першы, худы за ім перайшлі па бабровай запрудзе на той бераг і пайшлі да бабровае хаткі, якая кучаю ламачча цямнелася пад лазовым кустом на беразе невялікага плёсіка.

Худы больш нічога не пытаўся. Ён абагнаў Сашку. Той глядзеў, як худы спрытна апускае сваю плеценую лавушку ў ваду, і калі апусціў, загадаў:

— Пары!

Сашка вострым прэнтам папхнуў у ламачча.

— Да канца пары! Усё перапорвай,— худы вылаяўся.— Скарэй! Пары!

Слухаючы яго злосны голас, Сашка пачаў папіхаць прэнтам, як пікаю. Храбусцела ламачча, прэнт раптам правальваўся ў пустое, адзін раз здалося, што ён уваткнуўся ў нешта мяккае, жывое.

— Давай, давай! — падганяў худы.

I Сашка даваў.

Ён не бачыў, заняты работаю, калі худы выкінуў на бераг лавушку. У ёй кідаўся, грыз дрот чорны хвастаты звер.

— Хваціць! — Худы вырваў прэнт у Сашкі, коратка, як пікаю, стукнуў звярка па маленькай галаве, і той неяк адразу ж здрыгануўся, выпрастаўся ў клетцы і заціх.

Худы адчыніў лавушку, выкінуў забітага бабра ў цэлафанавы мяшок.

— Яны дзе дзерава рэжуць? — папытаўся ён.

Сашка моўчкі паказаў на бераг канавы, на якім раслі вербы, і паслухмяна пайшоў следам за худым.

— Калі яны тут, зараз папруць дадому па сцежцы,— коратка кінуў ён Мішку.

Яны прайшлі берагам і завярнулі напрасткі да плаціны.

Не даходзячы да плаціны, худы папытаўся:

— Што ў цябе?

— Адзін, здаровы, мабыць, стары.

— Ну, і то слава богу...

Худы перайшоў па запрудзе, скінуў на зямлю мяшок і лавушку, зняў з пояса сякеру і пачаў секчы і раздзіраць верх запруды.

— Нашто яна табе, пайшлі, — падагнаў яго барадаты.

— Хай плаціну разносіць... Думаць будуць, што свае няўмекі.

Хутка вада зацурчала ў прасечаным раўчуку, вымываючы гразь і галінкі.

Худы падышоў да плёса, старанна выпаласкаў у ім лавушку, потым жалезны прэнт, сякерку.

Сашка глядзеў, як вада набірала моц, расчышчала сабе дарогу.

Гаспадара не было, не было каму прыходзіць і рамантаваць яе.

Ля машыны Сашка чакаў, пакуль наезджыя пакавалі здабычу ў багажнік. Святла не ўключалі. Свістаў аб антэну «Жыгулёў» вецер, выбліскваў з-за хмар месяц. Усё быццам спяшалася.

Сашку таксама хацелася скарэй уцячы адсюль, пакуль ніхто яго тут не бачыў і нічога не ведае.