Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 53

Алесь Жук

Худы адчыніў дзверцы машыны, кінуў на задняе сядзенне стрэльбу. Барадаты тым часам садзіўся ў машыну. Худы падаў з машыны дзве бутэлькі гарэлкі. Яны востра бліснулі ў месячным святле.

— Малавата, карашкі, за такое...

Ён не дагаварыў. Жылістая, моцная, як жалезныя абцугі, рука худога згрэбла яго за куфайку на грудзях, здаюся,адарвала ад зямлі.

— Я табе не карашок неданошаны! Можа, ты хочаш, каб на цябе запісалі гэтых звяркоў? Я памагу.

Сашку білі, калі ён, былы слесар, там, у сталіцы, зусім спіўся і ў рэстаранах з чужых сталоў выпіваў каньяк. Таму ён ведаў цяпер па руцэ, якая яго трымала, што будзе мець за сваю прэтэнзію.

Яму здаюся, што ў яго адарвалі сківіцу.

Калі Сашка падняўся, машына ўжо ад’язджала. У галаве шумела. Святла ў машыне не запальвалі, толькі як не стала відно машыны, Сашка выплюнуў з рота торф з крывёю. Бутэлькі былі ў яго ў руках. Абедзве цэлыя. Адну ён выпіў па дарозе і начаваў ноч у хляве на сене.

XII

— Лёня, вячэраць дзе будзем? У зале? — Марыя выглянула з кухні.

— Не на кухні ж... Такія госці не кожны дзень.

Сын прынёс з балкона, паставіў на пісьмовы стол пяцілітровую эмаліраваную каструлю.

— Паглядзеце, тата, рыжычкі, а? Зараз бульбачкі — і закуска міравая.

Сын удаўся ў Сцяпана — рослы, хударлявы. Дома ён быў у джынсах, у рубашцы з закасанымі рукавамі.

Сцяпан сядзеў у крэсле, глядзеў на сына. Ён радаваўся. Хацелася, каб і ўсе ў вёсцы паглядзелі і ведалі, як жыве яго Лёня. У пакоі быў засланы зялёны дыван амаль на ўсю падлогу. Ля сценкі насупраць стаялі кніжныя шафы, напакаваныя кнігамі. На Сцяпанаў розум — кніг гэтулькі не трэба было б. Але пра гэта Сцяпан маўчаў.

Тут, у зале, стаяў тэлевізар, а ля акна ў куце — пісьмовы стол з настольнаю лямпаю, закладзены кнігамі, на падаконніку ляжаў стос газет.

У другім пакоі была спальня.

Нявестка, чутно, заходзіла ў ванную.

— Давайце, тата, у ванну. Гатова ўжо. Пакуль мы тут на стол паставім...

— Ванна — гэта добра.

Сцяпан, калі прыязджаў да сына, любіў злазіць у ванну. Нявестка і не пыталася — адразу ж напускала ваду. Поўная цёплае вады, ванна аж пенілася пахучаю пенаю, і Сцяпан спяшаўся раздзецца.

Цёплая вада нібыта крыху растапіла тую злосць, рашучасць, з якою ён ехаў у горад. Ён супакоена ляжаў у вадзе і адсюль, з белае ванны, з гэтых выгод глядзеў туды, адкуль прыехаў. Тут чалавек нарабіў усяго на самога сябе, на сваю выгоду — і газ, і гарачая вада, і адхожая тут табе. А колькі дамоў, а колькі чалавек — папробуй нагрэй гэтае вады, набярыся газу, напракладай труб...

У іх на цэнтральнай сядзібе таксама паставілі такія дамы. Пакоі на двух паверхах. I газ, і адхожую зрабілі, і ваду гарачую, як і ў сына, грэць можна газаваю калонкаю. Паагароджвалі, хлявы парабілі. Там спецыялісты жывуць і тыя, хто прыязджае жыць у калгас. Свае ніхто. Свае будуюць, а прыязджаюць — селяцца. Многія з-за гэтых дамоў і прыязджаюць. А ў Альховых Крыніцах і ў другіх вёсках стаяць моцныя, добрыя яшчэ хаты — у іх сяліцца ніхто не хоча. Хіба такога, як Сашку-алкаголіка, запруць жыць у хату. А так давай з выгодамі — механізатарам, даяркам, свінаркам.