Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 51

Алесь Жук

— Ночы трэба. Удзень не ўгледзіш.

— Дак, можа, Паўлік, паглядзім на баброў, а? — папытаўся барадаты ў худога.

— Ты яму верыш? Чарку выпіў на дурніцу і пляце кашалі з лапцямі.

Худому ўсё было не па душы.

— Я пляту? Сам ты Хама няверуючы. Я тут ужэ чатыры гады жыву.

— Адкуль ты сюды папаў? — Барадаты пытаўся спагадліва.

— Папаў. Жызня праклятая. Мне цяпер тут сядзі і нікуды не рыпайся. Пасялілі мяне — і ўсё, а чуць што...

Сашка чыркануў пальцам па шыі — канцы будуць.

— Ясна, перавучваюць. Адзін жывеш? — худы ажывіўся.

— Жонка ёсць, дзіця.

— Слухай, а ты заўтра падыдзі, як сцямнее, у алешнік ля грэбелькі. Паглядзім мы на баброў, а то век пражывеш, а такога звярка і не ўгледзіш. Ну, як? Мы не за так цябе просім.

— Не ведаю, час ці будзе.

Сашка ўжо захмялеў, але яшчэ дагадаўся, што трэба патаргавацца.

— Бутэлька «белай» твая.— Барадаты выліў астаткі гарэлкі з флягі ў шклянку.

— Дзве, што мне адна. На адну і жонка дасць, як суну кулак пад нос, і хадзіць нікуды не трэба.

Сашка рагатнуў ад таго, што ўдала схлусіў. 3 жонкі, калі б ён не тое што кулак паказаў, а і да смерці яе прытоўк, то ўсё роўна траячкі б не выбіў. Але біць яе Сашка баяўся, таму што Дзямідчык, яшчэ як быў брыгадзірам, сказаў: пасадзіць зноў у турму, няхай толькі паспрабуе піць ці біцца. Сашка не баяўся ўчастковага, а Сцяпана баяўся.

Цяпер ён стаяў на холадзе і мучыўся таму, што хацелася выпіць, і яшчэ таму, што баяўся — абманулі яго ўчора. Што ім, гарадскім, абмануць, гарэлкі ў іх хапае. Але ён усё ж стаяў. Яму ўспамінаўся горад. Там было светла ноччу, там было многа людзей і можна было пайсці, калі захочаш, як ёсць грошы, у «кабак», там падчапіць кралю... Пасля трэцяе судзімасці гэта яму закрылася, і тут, у вёсцы, дзе ўсе былі навідавоку, не было разгарнення.

Машына стала, не даехаўшы да грэблі. Свяціліся толькі падфарнікі.

Сашка ўзрадавана затрухаўся насустрач. Як толькі падышоў, дзверцы адчыніліся насустрач яму. Сашка ад нечаканасці шарахнуўся назад — апошні раз, калі яны ноччу перакулілі палатку і адтуль забралі віно, якое пiлі два дні,— апошні раз яго бралі ў машыну. Вось гэтак жа нявінна адчыніліся дзверцы таксі, і ён не ўспеў і ачухацца, як быў у машыне.

Але тут яго ніхто не хваціў за рукі і не пасадзіў на сядзенне. Два чалавекі сядзелі спераду.

Сашка ўлез у машыну, зачыніў за сабою дзверцы, рады цяплу і цыгарэтнаму дыму, які быў у машыне.

Учарашнія мужчыны былі тут.

— Ну, дзе твае бабры?

Худому не цярпелася.

Сашка сцепануў плячыма — холадна.

Барадаты ўсміхнуўся і падаў яму флягу, якая стаяла паміж пярэднімі сядзеннямі.

Худы моўчкі вылез з машыны, адчыніў багажнік, нешта выкінуў адтуль.

Сашка хлябаў з флягі, пакуль не папярхнуўся. Барадаты моўчкі сунуў яму ў рукі яблык.

Худы адчыніў дзверцы машыны:

— Давай, нечага рассядацца!

За плячыма ў яго вісела стрэльба. У руках былі завостраны жалезны прэнт, цяжкі кол, плеценая лавушка, цэлафанавыя мяшкі.

Сашку падумачася, што яму будзе пасля таго, як ён разам з гэтымі гараджанамі паглядзіць на баброў. Ім не паздаровіцца, калі зловяць, а больш за ўсё не паздаровіцца яму.