Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 54

Алесь Жук

Падумаў: а каб яму раптам узялі і сказалі — давай, Дзямідчык, збірайся ў такія выгоды. Ад гэтае думкі нечаму заныла сэрца. I так і не вырашыў — пайшоў бы ці не. Не стаў мучыць сябе тым, чаго не будзе.

Ён ці не задрамаў, бо прахапіўся ад звонкага ўнукавага голасу з калідора:

— Мам, а дзед дзе? Прыехаў?

— Прыехаў, у ванне.

— Дзед, ты тут? Ты яшчэ доўга будзеш там сядзець?

— Не, Ігар, памыюся вот...

— А ты, дзед, калі назад паедзеш?

— Заўтра, Ігарок.

— Добра! Дзед, у Алега сёння дзень нараджэння. Я скора пайду да Алежкі.

— Схадзі.

— А вечарам ты мне казку раскажаш?

— Раскажу.

Чутно было, як унук разуваўся і патупаў на кухню, потым пачуўся яго вясёлы смех — мабыць, папаў у бацькавы рукі і аж вішчаў ад радасці.

Пакуль Сцяпан шараваўся мачалкаю, потым стаяў пад дожджыкам, нявестка паставіла на стол вячэру.

— Дзед, дзед, а ты мне што прывёз?

Сцяпан нагнуўся, падхваціў унука на рукі. Шчочка ўнука была яшчэ халаднаватая і тугая — з вуліцы.

— Ой, дзед, ты колешся!

Малы пагладзіў яго па шчацэ, як быццам паспрабаваў, ці і праўда так моцна колецца дзедава шчака, як здалося яму, закруціўся на руках, каб дзед паставіў яго на падлогу.

— Чаго прывёз? А ўсяго... Яблык, груш, мёду прывёз і казку табе на ноч.

— Дзед, а ў цябе пчолкі ёсць?

— Ёсць. Купіў калоду.

— Ой, дзед, я прыеду на лета к табе і буду карміць іх!

— А як ты будзеш карміць?

— А я буду наліваць у талерачкі малако і насіць ставіць на домікі.

— Пчолак, унучак, зімою кормяць, цукар вараць і кормяць, калі ім на зіму не хапае. А некалі пчолы самі сябе пракормлівалі і нас мядком кармілі.

— Дзед, а сабачка ў цябе ёсць?

— Не, няма. Шарык прапаў, а другога няма.

— А як Шарык прапаў?

— Во так, Ігарок, і прапаў. Пайшоў гуляць адзін у лес, мабыць, далёка зайшоў, заблудзіўся і назад не вярнуўся.

Унук сур’ёзна, вялікімі вачыма глядзеў на дзеда — яму шкода было сабаку, які пайшоў гуляць, заблудзіўся і не вярнуўся.

Сабаку Сцяпанавага нехта застрэліў, ці з дурасці, ці на злосць — у полі за крыніцамі ляжаў.

— Дзед, а бычок у цябе будзе?

— Ацеліцца зімою карова, можа, і бычок будзе.

— Я прыеду к табе і кожны дзень буду пасвіць бычка і насіць яму траўку, добра?

— Добра, унучак.

— Ігар, а чаму непамыты яблык узяў? Ану, пад кран пайшоў!

Унук знарок пакорліва і нехаця патупаў мыць яблык.

— Ну што, Марыя, гатова ў цябе?

— Гатова. Бульба зараз даварыцца.

— Можа, давай пазвонім Віцю?

— Ну, пазвані.

Сцяпан сеў у крэсла. Цёпла, светла было ў пакоі, за акном хутка шарэўся, гусцеў восеньскі прыцемак. Пасля язды з непрывычкі ў аўтобусе, пасля ванны цела здавалася лёгкае-лёгкае.

Сцяпан сцішана сядзеў у крэсле — мірна і спакойна было, і не хацелася ні пра што думаць.

Прыйшоў Віця — ён жыў на два паверхі вышэй над сынам, сярэдняга росту, з жывоцікам і роўнаю, на ўсю лабаціну, лысінаю, якую акружалі па-жаночаму даўгаватыя, на вушы і на патыліцу, валасы. Апрануты ён быў таксама, як і Лёня, у джынсавыя штаны, цеснаватыя на яго круглы азадак.

Сцяпан ужо ведаў ад сына, што Віця робіць інжынерам там жа, у акадэміі, на вытворчасці, што ў яго галава «варыць, як у акадэміка» — па некалькі рацыяналізацый выдае ў год, што за гэтыя рацыяналізацыі, як гаварыла Марыя, ён мае і «Жыгулі», і дачу купіў.