Читать «Паляванне на Апошняга Жураўля» онлайн - страница 50

Алесь Жук

Зімою ён сам арганізаваў дзве аблавы. У адной пашанцавала — зноў застрэліў ваўка, у наваколлі набыў новую славу — славу паляўнічага. Зімою ён карміў і ахоўваў курапатак, якіх развялося многа ў кустах, што зноў пачалі брацца на былым высушаным балоце.

Зімою Сцяпан угледзеў на старшыні бабровую шапку і напісаў пісьмо пракурору. Адтуль адказалі, што шапка ў Прымачака куплена ў магазіне.

Летам Сцяпан хадзіў у жніво па полі, пільнаваў, каб камбайны жалі ў разгон, не глумілі пад нажамі птушак і зайцоў, і напісаў дакладную ў раён на старшыню, што той не дае такое каманды камбайнерам.

Нехта за вочы празваў Сцяпана заячым пастухом. Сцяпан дагадваўся, што гэта Антось, які зімою хацеў секчы ў крыніцы на дровы алешнік. Сцяпан не даў рабіць гэтага — бо да вясны ад алешніку асталіся б толькі кусцікі.

***

Цяпер, калі чужыя машыны снавалі ноччу па полі, расстрэльвалі тых зайцоў, якіх пільнаваў Сцяпан, і на машын не было ўправы, Сцяпан верыў, што тут не абыходзіцца без старшыні, што гэта нехта з яго знаёмых, такіх, як ён, за нейкую ласку тут пасецца. Таму, толькі таму хітры Жогла не хоча ўмешвацца, каб злавіць іх. Сцяпан сабраўся і паехаў да сына — перад гэтым ён да вечара сядзеў і ўсё пісаў, перачытваў і радаваўся, што дакажа сваё. Тады будуць ведаць і Жогла, і Дзярэча, і ўсе, хто думаў, што Сцяпан не знойдзе на іх управу, не паставіць на сваё месца.

Тым, як ён зробіць гэтую работу, і кончыцца нейкі важны, значны круг яго жыцця.

XI

На ноч перастаў церушыць дождж, крыху праяснела неба. Вецер не паменшаў, пранізваў халоднаю вільгаццю скрозь куфайку, якая пахла мокрым кортам. Сашка Навалач, як звалі яго ў вёсцы, курыў з кулака, пазіраў на дарогу, адкуль павінна была паказацца машына: учора вечарам на возеры два паляўнічыя вячэралі самі і частавалі Сашку гарэлкаю, якую налівалі з салдацкае, абшытае мацёраю флягі. Абодва былі ў купленых брызентавых куртках паверх куфаек, у паляўнічых ботах, у берэтах. Адзін барадаты, другі рослы, худы.

— Дарэмна мы сюды прыехалі. Тут і сваіх гусей няма, не тое што дзікіх! — гаварыў барадаты і закусваў напоўніцу каўбасою з хлебам і кіслым агурком.

— Гэта як сказаць. Качі пашукаць, то ўсюды можна нешта найсці. Бач, колькі тут ад андатры асталося.

— Ага, возьмеш яе тут, на агародах. Самога возьме гэты, як яго завуць, гэтага вашага старога? — папытаўся худы ў Сашкі.

— Пастух заячы? Сцёпка-брыгадзір. О, ён каго хочаш, яму лепш у рукі не пападайся!

Сашка рады быў, што перапала на дурніцу выпіць «белае» — як вёў яго нос вечарам на возера выйсці.

Барадаты яшчэ падліў яму.

— Тут ужэ і зайцоў не асталося, толькі пастух гэты.

Худы ўсё хмыкаў. Яму ўсё было не пад нораў.

— О, няма. А бабры?

— Тут, у полі, бабры? — недаверліва папытаў барадаты.

— Чаму ў полі? На балоце. Зрабілі плаціну і трэці год тут жывуць, ужэ і маладыя вывеліся.

— Далёка дзе?

— За кар'ерамі, дзе торф капалі.

— Ніколі жывога бабра не бачыў. — Барадаты зноў падліў Сашку.— Каб паглядзець хаця.